Агляд прэсы: за нашу і вашу



Беларускае поле эксперыментаў. Новыя прарокі Айчыны. Тэлефонная дыпламатыя. COVID-рахункі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Міжнародная газета Financial Times на першых старонках размясціла матэрыял, дзе праведзена цытата намесніка прэм’ер-міністра Расеі Аляксандра Гаравога: „Улічваючы прыклад палітычных метадаў, выпрабаваных у Беларусі і Кыргызстане, мы не можам выключыць магчымасць падобнай дэстабілізацыі ў Расеі”.

Выданне дае ацэнку дзеянням Крамля, які на гэты раз выглядае больш рашучым для таго, каб выдаліць Навальнага з палітычных колаў. Дзяржаўнае тэлебачанне заявіла, што дэманстранты здзяйснялі «зверствы» супраць паліцыі і выкарысталі «тэхналогіі Майдана», распрацаваныя амерыканскай спецслужбай падчас пратэстаў у былых савецкіх дзяржавах-сябрах.

«Адразу ўспамінаюцца прэтэнзіі Лукашэнкі, які абвінаваціў замежныя дзяржавы ў выкарыстанні беларускіх пратэстоўцаў у якасці «гарматнага мяса» супраць свайго рэжыму. Відавочна, што рэха Беларусі чуваць у пратэстах Навальнага ў Расеі»,  – падсумоўвае  газета Financial Times.

***

На выходных у расейскіх гарадах, ад Далёкага Усходу да Калінінграда, адбыліся масавыя акцыі пратэсту. Людзі выйшлі на вуліцы за вызваленне Навальнага і супраць кіруючага рэжыму, насуперак забароне на правядзенне сходаў і часам ледзяному холаду. Па ўсёй краіне паліцыяй было затрымана каля чатырох тысяч чалавек. Еўрапейская прэса задаецца пытаннем, ці не стане гэты пратэст пачаткам канца пуцінскага кіравання.

Брытанская штотыднёвая газета The Observer лічыць, што лютасць і гнеў дэманстрантаў павінны прымусіць Пуціна задумацца.

У матэрыяле праводзіцца гістарычная паралель, калі рэвалюцыі ў Расеі адбываліся пры ўмове гарачага жадання пераменаў, што пераўзыходзіла звыклую схільнасць да палітычнай пасіўнасці і апатыі.

«Пратэсты і грубыя спробы іх здушыць толькі пагоршаць раскол у расейскім грамадстве. Згуртаванасць грамадства ўжо і так падарваная хранічнымі памылкамі ўладаў і няслушным эканамічным кіраваннем. Непазбежныя фальсіфікацыі маючых адбыцца ў верасні выбараў падальюць алею ў агонь. Пуцін у інтарэсах Расеі мусіць усвядоміць, што яго час скончыўся», – рэзюмуе The Observer.

***

Французская газета L’Opinion прысвяціла агляд нядаўняй тэлефоннай размове Прэзідэнта Францыі Макрона з Джа Байдэнам.

«У афіцыйнай заяве размова нагадвае прысягу: Макрон скардзіцца на Трампа, радуецца новаму амерыканскаму гаспадару, абяцае ўмацаваць НАТА разам і прасоўваць «заходнюю мадэль дэмакратыі», – саркастычна заўважае французскае выданне.

Аўтар матэрыялу мяркуе, што Макрона амерыканцы могуць выкарыстаць супраць Мэркель у справе незавяршэння праекту газаправода «Паўночны паток-2» і адмовы ад пагаднення з Кітаем ды падаткаабкладання інтэрнэт-гігантаў з ЗША. «Для Расеі і Кітая аналагічны ціск з боку ЗША і Францыі можа быць не самай лепшай навіной»,  – падсумоўвае газета L’Opinion.

***

Следам за кампаніяй Pfizer, фірма Astrazeneca абвясціла аб тым, што паставіць у ЕЗ меншую колькасць дозаў вакцыны, чым планавалася раней. У Брусэлі і краінах Еўразвяза незадаволены тым, што пастаўкі ў іншыя краіны будуць ісці ў ранейшых аб’ёмах. Аднак, як адзначае прэса, ЕЗ няма каго вінаваціць, акрамя самога сябе.

На думку журналіста харвацкай газеты Večernji list Давора Іванкавіча,  паказальным з’яўляецца той факт, што Ізраіль, у якім ужо прышчэпленая траціна насельніцтва, па-ранейшаму працягвае атрымліваць вакцыны вытворчасці кампаній Pfizer і Moderna. «Магчыма, таму, што ізраільцяне плацяць Pfizer не 15 еўра за дозу, як гэта робіць ЕЗ, а 30. Ізраіль гэтага і не хавае», – прыводзіць нязручны довад харвацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.