Агляд прэсы: заслон ад Крамля



Ці будзе Беларусь нападаць на Заходнюю Украіну? Пашырэнне ЕЗ: хто першы – Украіна ці Заходнія Балканы? Суд у Данецку: смяротнае пакаранне для замежных салдат. Парламенцкія выбары ў Францыі: канкурэнцыя роўных. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Здаецца, ідзе падрыхтоўка да ўварвання Беларусі ва Украіну. Нягледзячы на тое, што Менск па-ранейшаму не мае дастатковай колькасці войскаў на сваіх паўднёвых межах, у агляднай будучыні адзіны саюзнік Расеі ў Еўропе можа далучыцца да Масквы ў яе ваеннай авантуры», – прагназуе міжнароднае выданне Byline Times.

„Няма ніякіх сумненняў у тым, што расейскія войскі будуць працягваць выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нанясення ракетных удараў па Украіне, хоць чарговая спроба захапіць Кіеў надзвычай малаверагодная. Тым не менш, апошнія палітычныя і ваенныя падзеі ў Беларусі сведчаць аб тым, што Менск, здаецца, рыхтуецца да непасрэднага ўдзелу ў вайне ва Украіне.

Лукашэнка падпісаў закон, які дазваляе пашырыць паўнамоцтвы ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Улічваючы тое, што пераважная большасць насельніцтва Беларусі выступае супраць любога ўдзелу сваіх войскаў у вайне ва Украіне, Менск, хутчэй за ўсё, мае на мэце ўзмацніць апарат бяспекі краіны, каб прадухіліць любыя патэнцыйныя пратэсты, калі Беларусь пад ціскам Крамля ў рэшце рэшт вырашыцца на ўварванне ва Украіну. Іншымі словамі, для Лукашэнкі ўсе варыянты на стале, і ён рыхтуе глебу для магчымай эскалацыі. Апошняе слова аб разгортванні Беларусі ў яе крывавай бітве супраць Украіны будзе мець не Менск, але Крэмль”, – падкрэслівае міжнароднае выданне.

У той час як старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен наведала з візітам Кіеў, дзе сустрэлася з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і абмеркавала з ім паскораную заяўку Украіны на ўступленне ў ЕЗ, канцлер ФРГ Олаф Шольц нанёс візіты ў сталіцы шэрагу дзяржаў Заходніх Балкан. Гэтыя краіны ўжо даўно стаяць у чарзе на ўступленне ў рады Еўразвяза. Як мяркуе прэса, канкурэнцыя за добразычлівасць Бруселя будзе толькі расці.

«Інтэграцыя ў Еўразвяз магла б пакласці канец расейскаму ўплыву на Балканах», – мяркуе харвацкае выдання Večernji list.

«Заходнія Балканы ў іх цяперашнім стане – гэта вельмі нестабільны рэгіён, які апынуўся ў вакууме, які спрабуюць запоўніць самыя розныя акцёры, у першую чаргу – Расея. Гэта далёка не навіна: размовы аб тым, што рэгіён трэба паставіць пад уплыў Захаду, гучаць ужо шмат гадоў. Цяпер жа гэтая тэма паўстала асабліва востра, з прычыны расескай агрэсіі ва Украіне і даўніх сувязяў, якія ёсць у Масквы ў рэгіёне, перш за ўсё ў Сербіі, гэтай стрэмцы ў пятцы Еўропы. Калі б удалося адарваць гэты рэгіён, уключаючы Сербію, ад Расеі і паставіць пад уплыў Еўразвяза, то гэта прынесла б стабільнасць, а таксама даказала б рашучы настрой ЕЗ», – піша харвацкае выданне.

Суд у самаабвешчанай сепаратысцкай Данецкай народнай рэспубліцы прысудзіў да смяротнага пакарання двух грамадзян Вялікабрытаніі і аднаго грамадзяніна Марока, якія ваявалі на баку Украіны. Брытанскі ўрад і многія еўрапейскія краіны падвергнулі гэтае рашэнне рэзкай крытыцы як парушаючае міжнароднае права ваеннага часу. Аглядальнікі ў аднолькавай ступені абураныя і занепакоеныя.

Брытанская газета The Independent баіцца, што гэта толькі пачатак.

«Тое, што адбываецца. азначае, што кожны замежнік ва Украіне падвяргаецца такой рызыцы, нават той, хто не прымае ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Прарасейская Данецкая Народная Рэспубліка мае намер выкарыстоўваць падобныя выпадкі для таго, каб аказаць ціск на брытанскі ўрад у сувязі з яго падтрымкай Украіны. Кіраўніцтва ДНР верагодна, таксама захоча выкарыстоўваць гэтых мужчын у якасці сродку шантажу ў ключавыя моманты перамоваў: напрыклад, калі гаворка пойдзе аб абмене палоннымі. Паколькі ў зняволенні знаходзіцца цэлы шэраг замежнікаў, Данецк здабывае сілу, якая ўсяляе асцярогі. Усё гэта можа прывесці такія краіны, як Вялікабрытанія, да прамога канфлікту з Расеяй, што выкліча мноства іншых праблем», – прагназуе брытанскае выданне.

У Францыі па выніках першага тура парламенцкіх выбараў лагер прэзідэнта Макрона толькі з мінімальным адрывам абагнаў сваіх сапернікаў – блок левых сіл «Новы народны экалагічны і сацыяльны саюз» (Nupes) на чале з Меланшонам. Макронаўскі альянс Ensemble (Разам) атрымаў 25,75 адсоткаў галасоў, а левыя – 25,66 адсоткаў. Падчас другога туру выбараў у наступную нядзелю вызначыцца, ці атрымаецца Макрону атрымаць абсалютную большасць месцаў у парламенце.

«Разлік Макрона на нізкую яўку і выцякаючыя з яе перавагі не апраўдаўся», – піша французская газета La Croix.

“Французы ўстрымліваюцца ад галасавання не таму, што іх не цікавіць палітыка. Наадварот. Па ўсёй верагоднасці, яны не галасуюць менавіта таму, што расчараваныя: яны мяркуюць, што паўсюль пануе несправядлівасць, урад бяздзейнічае, а да патрэб і спадзяванняў народа нікому няма справы. На двары – кліматычны крызіс. Крызіс ахапіў сістэмы адукацыі і аховы здароўя. Няма недахопу ў абласцях, у якіх грамадзяне чакаюць ад уладаў канкрэтных дзеянняў. Такім чынам, «Новы экалагічны і сацыяльны Народны звяз» прадставіў свае палітычныя ідэі, хай яны і здаюцца нерэалістычнымі ці нават страшнымі. Але вось стратэгія Макрона, які разлічваў паралізаваць перадвыбарную барацьбу і згуляць на слабасцях апанента, відавочна нікога не змагла ўвесці ў зман», – падкрэслівае французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]