Агляд прэсы: застаемся зімаваць



Лукашэнка плануе набыць расейскую ваенную тэхніку. Пуцін і Сі Цзіньпін фармуюць новы блок? Ініцыятыва Макрона: рэформа Шэнгенскай зоны. Пераемнасць манархіі ў Брытаніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Падчас сустрэчы з міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу Лукашэнка заявіў, што плануе закупіць расейскую ваенную тэхніку, якая знаходзіцца ў Беларусі, «у наступным годзе і далей», – паведамляе еўрапейскае выданне intellinews.

Паводле ацэнак НАТО, Расея ўкінула ў Беларусь каля 30 000 вайскоўцаў. Афіцыйныя расейскія і беларускія крыніцы пакуль засакрэчаныя адносна дакладнай колькасьці войскаў, але пацьвердзілі разгортваньне Расеяй двух дывізіёнаў супрацьракетнай абароны С-400 «Трыумф», рэактыўных зьнішчальнікаў Су-35, ракетных комплексаў «Панцыр-С1» і 9К720 «Іскандэр» малой далёкасьці ў Беларусі.

«Пры гэтым Беларусь мусіць пагасіць перад Расеяй запазычанасць, бо выглядае, што Расея будзе плаціць Беларусі крэдыты за яе ваеннае супрацоўніцтва. Лукашэнка ўжо двойчы выказваў зацікаўленасць у набыцці расейскіх С-400 «Трыумф» у мінулым годзе, спачатку ў жніўні, а затым у снежні, аднак купля наўпрост занадта дарагая для Беларусі. Сёння Расеі ўдалося набыць дэ-факта пастаянную вайсковую прысутнасць у Беларусі, і, хутчэй за ўсё, шмат расейскіх вайскоўцаў застануцца ў краіне. Магчыма, частка перададзенай тэхнікі застанецца ў рамках пастаяннага ўмацавання Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны (УРАДС). Дэ-факта пастаянная вайсковая прысутнасць Расеі ў Беларусі, верагодна, з’яўляецца часткай новых абарончых пагадненняў, якія былі заключаны паміж Беларуссю і Расеяй у мінулым годзе. Менск, безумоўна, чакае большай палітычнай падтрымкі з боку Расеі для ўнутраных рэпрэсій, а таксама большай эканамічнай падтрымкі, каб падтрымаць сваю эканоміку ва ўмовах усё большай колькасці санкцый. З іншага боку, Масква за апошнія некалькі тыдняў атрымала афіцыйную прэтэнзію на значнае ўзмацненне прысутнасці сваіх войскаў уздоўж мяжы НАТО», – рэзюмуе еўрапейскае выданне.

З-за пандэміі яны абышліся без поціску рукі, аднак усталі плячом да пляча: падчас сваёй сустрэчы ў Кітаі прэзідэнт Расеі Пуцін і кіраўнік КНР Сі Цзіньпін усяляк дэманстравалі сваё адзінства супраць Захаду. Яны падкрэслілі агульнасць геапалітычных інтарэсаў сваіх краін, выступілі супраць пашырэння НАТО, раскрытыкавалі «злоўжыванне» Захадам дэмакратычнымі каштоўнасцямі, а разам з гэтым падпісалі новую дамову аб пастаўках газу. Еўрапейская прэса з трывогай сочыць за «танцам» Масквы і Пекіна.

«Такое збліжэнне не можа не трывожыць», – адзначае чэшская газета Hospodářské noviny.

«Пуціна і Сі Цзіньпіна аб’ядноўвае агульная цікавасць, маштабная і стратэгічная: дэмантаваць свет, выбудаваны на правілах, усталяваных за апошнія дзесяцігоддзі дэмакратычнымі дзяржавамі. І ў гэтым Пуціну і Сі Цзіньпіну садзейнічае шэраг аўтарытарных урадаў, якія прыйшлі да ўлады пасля фінансавага крызісу 2008-2009 гадоў. Наколькі ў свеце дрэнныя справы з дэмакратыяй, прадэманстравала і цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў. Дэмакратычныя палітыкі яе байкатавалі, у выніку чаго адкрыццё Алімпіяды ператварылася ў парад палітыкаў, якія адкрыта заяўляюць аб тым, што яны аддаюць перавагу прынцыпу «цвёрдай рукі». З 21-го кіраўніка дзяржавы або ўраду, які прысутнічаў на цырымоніі адкрыцця, толькі восем прадстаўлялі краіны, якія можна назваць дэмакратычнымі», – падсумоўвае чэшскае выданне.

Прэзідэнт Макрон жадае скарыстацца старшынствам Францыі ў Савеце ЕЗ і правесці рэформу Шэнгенскай зоны. Парыж прапанаваў стварыць новую раду ў складзе міністраў унутраных спраў краін-удзельніц Шэнгенскага пагаднення, у задачы якога ўваходзілі б, у прыватнасці, каардынацыя і ўмацаванне кантролю на знешніх межах. На думку Макрона, за кошт гэтых мераў можна было б забяспечыць унутраную свабоду перамяшчэння.

«Нефармальная Шэнгенская рада магла б рассячы гордзіяў вузел міграцыйнай палітыкі ЕЗ», – лічыць аўстрыйская газета Der Standard.

«Намер Макрона – узмацніць бяспеку ў Еўропе і дамагчыся лепшага ўрэгулявання палітыкі прадастаўлення прытулку і міграцыі. Ідэя заключаецца ў тым, што міністры ўнутраных спраў краін з адкрытымі ўнутранымі і агульнымі знешнімі межамі маглі б сустракацца па-за фармальным Саветам міністраў ЕЗ. Адзін з іх пры гэтым абіраўся б на вызначаны тэрмін кіраўніком гэтай групы. У якасці прыкладу для пераймання Парыж прапануе разгледзець «еўрагрупу» міністраў фінансаў краін ЕЗ. Калі Шэнгенская рада пераадолее нацыянальны параліч і стане спрыяць дасягненню кампрамісаў паміж урадамі, то гэтая ідэя будзе мець сэнс», – лічыць аўстрыйскае выданне.

Пануючая каралева Вялікабрытаніі і краін Садружнасці Лізавета II адзначае 70 гадоў знаходжання на троне: 6 лютага 1952 года яна ўзышла на пасад пасля смерці свайго бацькі, караля Георга IV. Сёння Лізавеце II 95 гадоў, яна – рэкардсмен па працягласці знаходжання на троне сярод усіх ангельскіх манархаў. Юбілейную дату каралева ўпадабала адзначыць без помпы і публічных выступаў: у сядзібе Сандрынгемскага палаца.

«З каралевай-маці Чарльзу не параўнацца, нават калі побач з ім будзе ў рангу каралевы яго жонка Каміла», – падкрэслівае брытанская газета The Independent.

«Кіраванне Чарльза ў любым выпадку будзе куды карацейшым, і ён не зможа скласці канкурэнцыю сваёй маці ў плане назапашанага досведу і мудрасці. Некалькі засмучае тое, што ён мае патрэбу, ці мяркуе, што мае патрэбу, у аўтарытэце каралевы і яе папулярнасці для ўмацавання сваіх уласных пазіцый. Некалькі гадоў таму каралеве нават прыйшлося правесці гэтакую лабісцкую кампанію дзеля таго, каб забяспечыць Чарльзу магчымасць стаць яе пераемнікам на пасадзе кіраўніка Садружнасці нацый. Вядома, каралева спадзяецца на тое, што інстытуцыя, якую яна правяла скрозь сем вельмі турбулентных дзесяцігоддзяў, выстаіць і будзе квітнець у XXII стагоддзі», – не хавае манархічных поглядаў брытанская газета.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]