Агляд прэсы: зацішша перад бурай



Беларусь увойдзе ў вайну ў выпадку нападу на Расею. Крызіс на Украіне: прагноз малой вайны У Партугаліі сацыялісты атрымалі большасць. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Расея накіравала ў Беларусь тысячы вайскоўцаў, але аўтарытарны лідар краіны заявіў у пятніцу, што вайна будзе толькі ў тым выпадку, калі «агрэсія будзе ўчыненая супраць Беларусі» або «нашага саюзніка Расеі», – адзначае еўрапейскае выданне Politico

У артыкуле прыводзяцца пералік узбраення: расейскія вайскоўцы, а таксама два батальёны зенітных ракетных комплексаў С-400, знішчальнікі Су-35 і ракетны комплекс «Панцыр», знаходзяцца ў Беларусі для «сумесных вучэнняў».

«Неспакой выклікае тое, што гэтыя сілы, а таксама больш за 100 000 расейскіх салдат, сабраных вакол Украіны, будуць накіраваны супраць Украіны, калі Расея не выканае сваіх патрабаванняў перабудаваць адносіны еўрапейскай бяспекі і даць ёй сферу ўплыву на сваю былую імперыю на ўсходзе краіны. Пры гэтым Беларусь і асабліва Лукашэнка цалкам залежныя ад Расеі. Крэмль выкарыстоўвае слабую пазіцыю Лукашэнкі ў сваіх палітычных мэтах, каб пашырыць свой уплыў. Лукашэнка таксама не сутыкаецца з унутранай апазіцыяй адносна яго цеснага саюзу з Расеяй. Гэты ганебны этап адлюстроўвае пастаянны рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі супраць яго ўласнага насельніцтва. Акрамя таго, тысячы пратэстоўцаў збеглі з краіны, каб пазбегнуць пераследу», — паведамляе еўрапейскае выданне.

На мінулым тыдні Расея назвала нездавальняючай прапанову ЗША па сітуацыі вакол Украіны. У выніку Масква ўзмацніла вайсковую групоўку ў прымежных раёнах, тым самым падвысіўшы верагоднасць уварвання. Раней сваю ваенную прысутнасць ва Усходняй Еўропе ўзмацніў і шэраг заходніх дзяржаў. Аглядальнікі, аднак, не вераць у магчымасць поўнамаштабнай вайны, і разважаюць аб тым, як можна было б дабіцца дээскалацыі.

«Пуцін з пустымі рукамі дадому не сыдзе», – прагназуе венгерская газета Népszava.

«Расейскіх войскаў, засяроджаных на мяжы з Украінай, не хопіць для таго, каб акупаваць усю краіну. Аднак групоўка занадта вялікая для таго, каб яе можна было проста так вярнуць у казармы. Вынік, судзячы па ўсім, будзе дзесьці пасярэдзіне, як сам таго не жадаючы, даў зразумець Джо Байдэн, калі заявіў, што, маўляў, адказ на абмежаваную аперацыю будзе, зразумела, іншым, чым на буйнамаштабнае ўварванне. Аднак мэты Пуціна цалкам адназначныя і выразна пазначаныя, напрыклад, у апублікаваным мінулым летам артыкуле за яго імем, у якім гаворыцца аб гістарычным адзінстве рускіх і ўкраінцаў», – адзначае венгерскае выданне.

Сацыялістычная партыя Партугаліі, якую ўзначальвае прэм’ер-міністр Антоні Кошта, нечакана перамагла на датэрміновых парламенцкіх выбарах, і нават атрымала абсалютную большасць галасоў. Партыя Кошты набрала 41,6 адсоткі галасоў і такім чынам атрымала 117 з 230 месцаў у парламенце краіны – Асамблеі Рэспублікі. Кансерватыўная Сацыял-дэмакратычная партыя набрала ўсяго толькі 27,9 адсоткі галасоў.

«Нягледзячы на тое, што яму ўдалося атрымаць абсалютную большасць галасоў, Кошта павінен праявіць гатовасць да кампрамісаў», – піша партугальская газета Jornal de Notícias.

«Перамога лідара сацыялістаў з’яўляецца пераканаўчай і дэманструе, што партугальцы відавочна зрабілі выбар на карысць стабільнасці. У адказ на ўсе воклічы пра тое, што, маўляў, партыя надакучыла людзям, а таксама не мае ніякага стратэгічнага плана, сацыялісты раптам выдалі бясспрэчны вынік, які спрэс змятае ўсе партыі, якія знаходзяцца ад іх злева на палітычным полі. Цяпер Антоніу Кошта павінен працаваць, знаходзячыся ў згодзе з партугальскім народам, апраўдваючы аказаны яму давер. Ён таксама павінен набрацца смеласці і ўстаць на шлях развіцця і рэформ, для чаго ў яго зараз ёсць усе перадумовы. Толькі так ён зможа апраўдаць выбар, зроблены грамадзянамі», – падкрэслівае партугальскае выданне

Пасля захапляльнай інтрыгі даўжынёй амаль у тыдзень на пасадзе прэзідэнта Італіі паўторна зацверджаны Серджа Матарэла. 80-гадовы палітык меў намер пайсці ў адстаўку, аднак лідзіруючыя партыі не здолелі прыйсці да згоды аб кандыдатуры пераемніка. Нават дзейны прэм’ер-міністр Марыё Драгі, які лічыўся фаварытам на гэтую пасаду, не здолеў набраць патрэбнай колькасці галасоў. У канчатковым выніку Матарэла пачуў просьбы не сыходзіць з пасады прэзідэнта.

«Няздольнасць партыі кіруючай кааліцыі ўзгадніць агульную кандыдатуру на пасаду прэзідэнта толькі на руку ўльтраправым», – лічыць брытанская газета Financial Times.

«На фоне гэтых своекарыслівых разлікаў толькі адна партыя ідзе зусім іншым шляхам – ультраправая партыя «Браты Італіі» на чале з Джорджыяй Мелані. Гэта адзіная буйная партыя, якая адмовілася далучыцца да ўрада Марыё Драгі, і апытанні грамадскай думкі паказваюць, што ў цяперашні час яна з’яўляецца самай папулярнай партыяй у правай частцы палітычнага спектру. Менш, чым праз год можа здарыцца так, што прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка ўрада Італіі стане прадстаўніца ўльтраправых – упершыню за ўвесь пасляваенны перыяд», – папярэджвае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]