Агляд прэсы: зацішша перад бурай



Чарнобыль і зона адчужэння як мажлівы тэатр ваенных дзеянняў. Крызіс вакол Украіны: ці ёсць рашэнне? Скандал вакол кіраўніка ВМФ ФРГ. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Калі расейцы вырашаць напасці на Кіеў, самы кароткі шлях ляжыць праз Чарнобыльскую зону адчужэння. Беларусь – саюзніца Расеі, і ад украінскай сталіцы яе аддзяляе толькі гэты пустынны кавалак зямлі. Так што Масква можа ператварыць у рэальнасць сюжэт з папулярнай відэагульні», – сцвярджае гішпанская газета El Mundo.

Выданне прыводзіць прыклад відэагульні «Call of duty 4: modern warfare», адна з баявых місій якой праходзіць акурат у пустынным горадзе Прыпяць, размешчаным усяго за тры кіламетры ад Чарнобыльскай АЭС.

«Галоўнага героя, узброенага снайперскай вінтоўкай, могуць забіць не толькі варожыя кулі ў закінутых савецкіх кватэрах, але і радыяцыя, высокі фон якой усё яшчэ захоўваецца на некаторых зачыненых участках так званай зоны адчужэння. А сёння стаўка Уладзіміра Пуціна на Украіну можа ператварыць гэты сюжэт у рэальнасць. Гэтая бязлюдная тэрыторыя зачыненая ад насельніцтва пасля выбуху сумна вядомага чацвёртага рэактара 26 красавіка 1986 года, практычна бязлюдны ўчастак – адзінае, што аддзяляе Беларусь, саюзніцу Пуціна і часовую базу для размяшчэння вялізнага расейскага кантынгенту, і сталіцу Украіны – Кіеў. Акрамя таго, не трэба забываць, што гэтая тэрыторыя аж да 1991 года знаходзілася пад кіраўніцтвам Масквы, а значыць у рускіх ёсць карты, на якіх адзначаны ўсе дарогі і забароненыя ўчасткі. Калі Масква захоча зладзіць бліцкрыг на Кіеў, самы хуткі спосаб зрабіць гэта – правесці войскі праз зону адчужэння», – падае варыянт развіцця падзей гішпанскае выданне.

Перамовы аб сітуацыі вакол Украіны ў самым разгары. Многія еўрапейскія краіны ўзмацнілі сваю вайсковую прысутнасць на ўсходзе ЕЗ. ЗША прывялі ў баявую гатоўнасць 8 500 вайскоўцаў. Расея назвала гэтыя дзеянні эскалацыяй. Прэса падзялілася ў ацэнках: адны аглядальнікі ўпэўненыя ў тым, што крызіс будзе ўладжаны, на думку іншых, у паветры пахне вайной.

«Расея будзе падганяць сваю стратэгію пад выказванні ЗША», – піша каталонская газета El Periódico de Catalunya.

«Пасыл, пакуль што выходны ад ЗША, дазваляе зрабіць выснову, што ўвядзенне суровых санкцый супраць Расеі рушыць услед толькі ў тым выпадку, калі ўварванне ва Украіну будзе маштабным. А на ваенныя дзеянні абмежаванага характару, адпаведна, ніякай сур’ёзнай рэакцыі з боку Захаду не будзе – ні ў эканамічным, ні тым больш у ваенным плане. А таму ўзрастае верагоднасць таго, што Расея будзе ладзіць кібератакі, дэзынфармацыйныя кампаніі, узмоцніць сваю групоўку ў Крыме і ў Данбасе ці нават увядзе войскі для таго, каб усталяваць кантроль над рэгіёнам Марыупаль, і тым самым забяспечыць сабе сухапутны калідор у Севастопаль», – папярэджвае каталонскае выданне.

Шырокі рэзананс выклікала заява (ужо былога) галоўнакамандуючага ваенна-марскімі сіламі Германіі Кая-Ахіма Шонбаха, зробленая ім наконт сітуацыі вакол Украіны. Па словах адстаўнога віцэ-адмірала, Расея не збіраецца нападаць на Украіну, і толькі жадае, каб да яе ставіліся з павагай. Еўрапейская прэса выказваецца наконт скандалу.

На думку польскай газеты Polityka, вядучая нямецкая партыя моцна пагразла ў мінулым.

«Нямецкія сацыял-дэмакраты старэйшага пакалення, а такіх у СДПГ большасць, да гэтага часу знаходзяцца ў палоне логікі «Новай усходняй палітыкі» Вілі Брандта, якая праводзілася пад дэвізам “змены шляхам збліжэння”. Пры гэтым палітыкі спрэс забыліся, што сітуацыя цяпер – супрацьлеглая. У тыя часы размова ішла аб прызнанні Германіяй стану рэчаў, які склаўся пасля заканчэння вайны, у першую чаргу – межаў, якія праходзяць па рэках Одэр і Ныса-Лужыцка. Сёння гаворка ідзе пра тое, каб Расея прызнавала межы суверэннай Украіны, а Нямеччына адстойвала не толькі свае інтарэсы, але і міжнародныя прынцыпы», – падкрэслівае польскае выданне.

Як і чакалася, падчас галасавання, якое прайшло ў панядзелак, ніводзін з кандыдатаў у прэзідэнты Італіі не набраў неабходнай большасці ў дзве траціны галасоў. Вялікія фракцыі заклікалі сваіх выбарцаў устрымацца ад галасавання, паколькі ніяк не атрымоўваецца прыйсці да згоды наконт кандыдатуры. У чацвёртым туры галасавання, якое мусіць адбыцца ў чацвер, усё будзе вырашацца абсалютнай большасцю галасоў. Тут фаварытам гонкі лічыцца дзейны прэм’ер-міністр Марыё Драгі.

Як адзначае італьянская газета Corriere della Sera, сітуацыя склалася проста сюррэалістычная.

«Краіна з трэцім па велічыні дзяржаўным доўгам у свеце, двумастамі мільярдамі новых еўрапейскіх крэдытаў, з якіх 122 мільярды яшчэ нават не пагашаны, з паказчыкам смяротнасці ад кавіда ў 350 чалавек на дзень і вельмі няўстойлівым ростам эканомікі не можа дазволіць сабе такой раскошы, як гэты сюррэалістычны панядзелак. Стварылася ўражанне, быццам больш за тысячу выбарцаў, у тым ліку партыйных лідараў, толькі ў самы апошні момант усвядомілі, што, уласна, абіраецца прэзідэнт рэспублікі на наступныя сем гадоў. Ніяк не ўкладваецца ў галаве той факт, што партыйныя лідары не знайшлі час выпрацаваць агульную пазіцыю, і гэта пры тым, што ўсе яны, акрамя лідара партыі “Браты Італіі” Джорджыі Мелоні, уваходзяць у склад цяперашняй кіруючай большасці», – падкрэслівае італьянская газета.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]