Агляд прэсы: зацьменне поўнае



Ці можа Лукашэнка разьлічваць на Пуціна? Выбары ў Сірыі: 95 працэнтаў за Асада? СМІ разважаюць пра тое, што дыктатары заўсёды прагнуць крыві. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Падчас сустрэчы, якая адбылася ў мінулыя выхадныя ў Сочы, прэзідэнт Расеі Пуцін і яго беларускі калега Лукашэнка абмяркоўвалі пытанні эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Сярод іншага, гаворка ішла аб выдзяленні Беларусі крэдыту ў памеры 500 мільёнаў даляраў. Мяркуючы па паведамленнях аб выніках сустрэчы, іншых істотных рашэнняў прынята не было. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, ці можа Менск наогул разлічваць на дапамогу Масквы.

«У канчатковым выніку Лукашэнку не застаецца нічога іншага, акрамя як даверыць свой лёс Маскве», – лічыць нямецкая газета Der Standard.

«Шматгадовая палітыка арэляў, пры дапамозе якой Лукашэнка спрытна манеўраваў паміж Расеяй і Захадам, зайшла ў тупік. І ў канцы гэтага тупіка – распасцёртыя абдымкі Уладзіміра Пуціна. Наўрад ці гэтыя абдымкі прыйдуцца Лукашэнку па гусце. Пуцін разглядае Беларусь як сферу ўплыву Расеі і буферную зону ў адносінах да ЕЗ і НАТО. Лукашэнка там суверэнны толькі настолькі, наколькі гэта дазваляе яму Пуцін. З гэтага часу гэты пастулат актуальны як ніколі раней. Іронія лёсу заключаецца ў тым, што Лукашэнка так чапляўся за ўладу, што ў выніку менавіта таму і вымушаны саступіць яе Маскве», – адзначае нямецкае выданне.

 

Паводле афіцыйных дадзеных, перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у Сірыі атрымаў дзеючы кіраўнік краіны Башар Асад, які набраў 95,1 адсоткі галасоў. Галасаванне праводзілася толькі на тэрыторыях, падкантрольных рэжыму Асада, гэта значыць прыкладна на двух трацінах тэрыторыі краіны. У ходзе грамадзянскай вайны, распачатай ў Сірыі з 2011 года, каля дванаццаці мільёнаў чалавек былі вымушаныя пакінуць родныя мясціны – у адной толькі Турцыі цяпер пражывае амаль чатыры мільёны сірыйскіх бежанцаў.

«Сітуацыя зайшла ў тупік», – лічыць нідэрдандская газета De Volkskrant.

«Выбары толькі падкрэслілі грандыёзны маштаб хаосу: дыктатар, ад якога ўсе хацелі б пазбавіцца, усё яшчэ цвёрда сядзіць у сядле, краіна разбураная, а ўцекачы не могуць вярнуцца дадому. Перад міжнароднай супольнасцю стаіць вельмі складаная задача, а простых рашэнняў тут няма. Нікому не трэба, каб Сірыя заставалася крыніцай канфліктаў, тэрарызму і пастаяннага патоку бежанцаў, але ў той жа самы час ніхто не гатовы садзейнічаць аднаўленню краіны, і тым самым падтрымка рэжыму Асада забяспечана бяздзейнасцю. Пакуль што ясна толькі адно: грамадзянская вайна ў Сірыі яшчэ далёкая ад завяршэння», – адзначае нідэрландскае выданне.

 

«Лукашэнка, Асад, генералы ў М’янме: яны апантаныя ўлады, як наркаманы. Яны ідуць на злачынствы дзеля новай дозы. І з аднаго злачынства вынікае наступнае», – піша швайцарскае выданне Tages-Anzeiger.

«У Дамаску толькі што пралілася кроў дзеля захавання ўлады прэзідэнта: у ходзе маштабнай інсцэніроўкі галасавання Башар Асад забяспечыў сабе яшчэ адзін прэзідэнцкі тэрмін. Кабінак для тайнага галасавання амаль не было, затое ў скрынях для галасавання ляжалі напагатове шпількі. Асабліва верныя лініі выбаршчыкі праколвалі імі пальцы і пакідалі адбітак на бюлетэні. Кроў штодня праліваецца і на вуліцах М’янмы, дзе хунта, здзейсніўшы пераварот, зноў захапіла ўладу і расстрэльвае пратэстоўцаў. Кроў праліваецца ў камерах катаванняў Беларусі, куды дыктатар Аляксандр Лукашэнка цягне сваіх супернікаў», – адзначае швейцарскае выданне і падкрэслівае, што падобныя ўчынкі адносяцца да злачынстваў супраць чалавечнасці, якія не павінны быць забытымі, на іх не распаўсюджваецца тэрмін даўніны, і яны павінны разглядацца ў судзе, як таго патрабуе міжнароднае права.

 

У ЗША тэмпы росту коштаў падвысіліся ў красавіку ў параўнанні з папярэднім месяцам да 4,2 адсоткі. У Еўропе цэны таксама растуць. У еўразоне інфляцыю выклікае і той факт, што на фоне росту эканомік ЗША і Кітая падскочыла і цана на нафту. Аднак далёка не ўсе аглядальнікі лічаць, што гэта падстава для сур’ёзных хваляванняў. Балгарскае выданне 24 Chasa прынамсі адзначае: «Пандэмія ўвяла эканоміку ў штучную кому. Паколькі кампаніі не маглі прадаваць сваю прадукцыю па звычайных коштах, яны адмовіліся ад прыбытку і знізілі кошты, абы выжыць. А гэта дэфляцыя. Цяпер эканоміка пачынае паступова выходзіць са штучнай комы локдауна, а значыць, цэны зноў стабілізуюцца. Вонкава гэта выглядае падобна інфляцыі, аднак у эканамічнай навуцы даўно ўжо спрачаюцца аб тым, ці можна назваць гэты працэс такім. На самай справе эканоміка проста выходзіць са спячкі. Назіраецца працэс выздараўлення пацыента, які суправаджаецца скокам коштаў, паколькі раней у сілу фактараў пазаэканамічнага характару цэны былі штучна заніжаныя».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя