Агляд прэсы: зброя перамогі



Рэжым Лукашэнкі працягвае атакаваць польска-беларускую мяжу. Што скончыць вайну Расеі ва Ўкраіне? Рэальныя страты Расеі. Юбілей імперыі: брытанскія немаўляты манархіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Рэжым Лукашэнкі працягвае атакаваць польска-беларускую мяжу, выкарыстоўваючы для гэтага мігрантаў з Блізкага Усходу. Ён хоча прарваць польска-беларускую мяжу, а значыць, мяжу ЕЗ, і давесці тым самым да крызісу», – цытуе міністра нацыянальнай абароны Польшчы Марыюша Блашчака арабскае выданне Аljazeera.

«Разам з вайной, якая зараз працягваецца ва Украіне, крызіс у гэтай частцы Еўропы, без сумневу, у інтарэсах Крамля. Пры гэтым Польшча робіць высновы з вайны ва Украіне, у той жа час падтрымліваючы Кіеў у ваенным плане. Польшча ўжо звярнулася да амерыканскага боку з запытам аб магчымасці закупкі для патрэб УС Польшчы РСЗА далёкага радыусу дзеяння HIMARS. Размова ідзе аб 500 ракетных устаноўках для патрэб больш як 80 батарэй сістэмы Homar. Гэта вельмі эфектыўная зброя. І пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца падзеі ва Украіне. Вайна нагадвае Другую сусветную, і таму ключавое значэнне мае артылерыя. Адначасова ў траўні з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу спрабавалі нелегальна прарвацца 800 нелегальных мігрантаў, а з пачатку года – больш за 5 тысяч. У адказ у Польшчы да канца чэрвеня запланавана пабудаваць агароджу вышынёй 5,5 метра на мяжы з Беларуссю», – паведамляе арабскае выданне.

З 24 лютага 2022 года Расея вядзе сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны. Украінскай арміі ўдалося даць адпор ворагу і не дапусціць поўнай акупацыі краіны. Тым не менш, нягледзячы на падтрымку Захаду і пастаўкі Кіеву зброі, расейскім войскам удалося заняць некаторыя тэрыторыі. У цэлым пад расейскім кантролем аказалася пятая частка Украіны, якой яна была да 2014 года. Нідэрландская газета De Telegraaf крытыкуе Захад за тое, што той не пастаўляе Кіеву неабходныя узбраенні.

«З прычыны страху Захаду перад эскалацыяй Зяленскі ўсё ніяк не атрымае ракеты высокай далёкасці, пра якія ён прасіў, нягледзячы на абяцанні Кіева не выкарыстоўваць іх па мэтам на расейскай тэрыторыі. Тым часам прэзідэнт Байдэн заявіў, што не мае намеру аказваць на Украіну ціск, з тым каб яна пайшла на тэрытарыяльныя саступкі. Аднак калі Украіна не атрымае ўзбраенні, у якіх яна так мае патрэбу, то менавіта гэта і можа здарыцца. Пуцін не адступіцца: ён сядзе за стол перамоваў толькі тады, калі паўстане рэальная пагроза паразы расейскіх акупацыйных войскаў ад украінскай арміі», – піша нідэрландскае выданне.

«У Расеі прапагандыстам загадалі не прыцягваць увагу да 100-дзённай мяжы праславутай «спецаперацыі». За сто дзён Расеі не ўдалося дасягнуць ні адной са сваіх стратэгічных мэт. Не ўдалося захапіць Кіеў і Харкаў, разбіць ўкраінскую армію і стварыць марыянеткавы контрурад Украіны. Не ўдалося нават дасягнуць мінімальных мэт – цалкам заняць Данецкую і Луганскую вобласці ў іх адміністрацыйных межах. Мала таго, нават утрыманне сухапутнага калідора ў Крым сёння не выглядае гарантаваным», – падводзіць высновы расейскае выданне Grani.ru.

Згодна з ацэнкай украінскага Генштаба, расейскае войска ўжо страціла амаль 31 тысячу забітымі. Сюды не ўваходзяць страты фармаванняў «ДНР» і «ЛНР», якія, магчыма, дасягаюць 10-15 тысяч загінуўшых. Байцоў з «народных рэспублік» расейскае камандаванне выкарыстоўвае як гарматнае мяса ў яшчэ большай ступені, чым уласна расейскіх салдат, ды і вывучаны і ўзброены яны горш. У той жа час, у адрозненне ад расейскіх рэгіёнаў, у «ДНР» і «ЛНР» праводзіцца ўсеагульная мабілізацыя, таму мужчыны там баяцца выходзіць на вуліцу. Хутчэй за ўсё, праз некалькі дзён расейскі наступ у Данбасе будзе пастаўлены на паўзу не менш чым на два тыдні, каб атрымаць людскія папаўненні – як за кошт вясновага прызыву, так і за кошт добраахвотнікаў, навербаваных сярод ранейшых кантрактнікаў, якія служылі ў войску. Падобна, у Расеі падыходзіць да канца запас аператыўна-тактычных ракет, бо ў апошнія тыдні колькасць ракетных нападаў паменшылася. Расейскае войска па сутнасці вярнулася да тактыкі Чырвонай Арміі часоў Вялікай Айчыннай, якая зводзіцца да выцяснення суперніка з займаемай тэрыторыі пры дапамозе масіраванага артылерыйскага агню і вялікай колькасці пяхоты. Украінскае контрнаступленне хутчэй за ўсё рушыць услед у канцы ліпеня або ў жніўні, у залежнасці ад таго, як хутка паступіць ва Украіну дастатковая колькасць заходніх узбраенняў і ў які тэрмін ўкраінскія воіны здолеюць іх засвоіць. Амаль напэўна ўкраінцы будуць наступаць на поўдні, маючы на мэце ліквідаваць сухапутны калідор у Крым, адваяваць Азоўскія парты і выйсці да лініі судакранання па стане на 23 лютага», – прагназуе незалежнае расейскае выданне.

На чатыры дні брытанцы адсунулі сусветныя праблемы на задні план і адсвяткавалі юбілей сваёй Каралевы: урачыстасці з нагоды 70-годдзя ўзыходжання на пасад 96-гадовай Лізаветы II пачаліся ў чацвер традыцыйным парадам і цырымоніяй вынасу сцяга. Дзесяткі тысяч людзей назіралі за шэсцем на святочна ўпрыгожаных вуліцах. Журналісты, аднак, не адзіныя ў сваіх поглядах на брытанскую манархію.

«Не трэба блытаць шанаванне Каралевы з ухвалай манархіі», – піша брытанская газета The Guardian.

«Няма сумневаў у тым, што публіка шчыра захапляецца Каралевай і адчувае да яе глыбокую прыхільнасць. Каралева па-ранейшаму застаецца сімвалам і ўвасабленнем пампезнасці, у той час як годнасць нацыі пэцкаецца цяперашнім прэм’ерам. Каралева ўмела правяла сваё непрадказальнае «сямейнае прадпрыемства» праз 70 гадоў сталых змен і сацыяльных узрушэнняў. Сёння вы можаце ўпівацца гэтым раскошным спектаклем, аднак не забывайце пра інфантылізуючы ўплыў, які ён аказвае на палітычную псіхіку Брытаніі: немаўляты нараджаюцца для таго, каб кіраваць», – падкрэслівае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]