Агляд прэсы: знакі вайны



Беларусь як індыкатар таго, як будзе дзейнічаць Пуцін у дачыненні да Украіны. Крызіс вакол Украіны: Бэрбак прыбыла ў Маскву. Шольц сустрэўся з Санчасам на глебе сацыял-дэмакратыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«За тыдзень да пачатку інтэнсіўных дыпламатычных перамоваў па пытанні нарошчвання расейскіх узброеных сіл на ўкраінскай мяжы амерыканскія і ўкраінскія афіцыйныя асобы здалёк назіралі за тым, як Расея пачала вывозіць супрацоўнікаў свайго пасольства ў Кіеве, консульства ў Львове», – адзначае амерыканская газета NYТ.

«Скарачэнне расейскага пасольства можа быць збольшага прапагандай, збольшага падрыхтоўкай да канфлікту, збольшага тактычнай хітрасцю. А можа, тут усё разам. Гэта злавесны знак, які дапаўняе чараду паказальных дзеянняў, такіх як кібератакі на ўкраінскія міністэрствы на мінулым тыдні, у тым ліку з Беларусі. Велізарныя чыгуначныя саставы з танкамі, ракетамі і войскамі працягваюць перамяшчацца па Расеі на захад, відавочна да ўкраінскай мяжы. І нарэшце аўтарытарны лідар Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак аб’явіў, што расейскія войскі і тэхніка пачалі прыбываць у яго краіну для правядзення сумесных ваенных вучэнняў, якія адбудуцца ў двух месцах: на захадзе Беларусі непадалёк ад членаў НАТО — Польшчы і Літвы,  і ўздоўж украінскай мяжы, дзе таксама можна пачаць уварванне. Вучэнні атрымалі вельмі амерыканскую назву – «Саюзная рашучасць». Але ў Кіеве лічаць, што накіраваныя ў Беларусь расейскія войскі могуць застацца там на нявызначаны тэрмін, і ў гэтым выпадку напад на Украіну можа быць распачаты з поўначы, з усходу і з поўдня», – паведамляе амерыканскае выданне.

Наведаўшы з афіцыйным візітам Кіеў, кіраўнік Знешнепалітычнага ведамства ФРГ Ганалена Бэрбак прыбыла ў Маскву для сустрэчы з расейскім калегам. Якую пазіцыю 41-гадовая палітык ад Зялёных будзе адстойваць у гутарцы з Лаўровым, які знаходзіцца на сваёй пасадзе даўжэй за ўсіх міністраў замежных спраў краін Еўропы?

Польская газета Rzeczpospolita не верыць, што Ганалена Бэрбак зможа дасягнуць поспеху.

«Сустрэча Бэрбак і Лаўрова – гэта сустрэча палітыкаў з абсалютна несумяшчальнымі поглядамі. У канфлікце паміж ЗША, Кітаем і Расеяй гаворка па сутнасці ідзе пра перакройванне светапарадку, які склаўся пасля заканчэння халоднай вайны. У адрозненне ад тых, хто стаіць ля руля ў Вашынгтоне, Маскве ці Пекіне, для большасці маладых палітыкаў Заходняй Еўропы канец халоднай вайны – гэта справа даўно мінулых дзён. У іх вачах абарона клімату або барацьба за правы жанчын – гэта куды важнейшыя прыярытэты, чым звядзенне рахункаў з мінулым. Аднак няцяжка прадказаць, які з двух вышэйзгаданых поглядаў сёння пераможа», – адзначае польскае выданне.

Канцлер ФРГ Олаф Шольц наведаў з афіцыйным візітам Гішпанію, дзе сустрэўся са сваім калегам і таварышам па сацыял-дэмакратычным руху Пэдра Санчасам. Гішпанская прэса разважае пра тое, ці знайшлі абодва сацыял-дэмакраты агульную мову, якая дазволіла бы ім выбудаваць трывалую вось Берлін-Мадрыд.

Гішпанская газета La Vanguardia адзначае, што бакі рухаюцца рознымі інтарэсамі.

«Падобна Францыі і Італіі, Гішпанія была б радая ўбачыць у ЕЗ вялікую гнуткасць у пытаннях дэфіцыту бюджэту і дзяржаўнага доўгу.  А яшчэ ёсць адрозненні ў энергетычнай палітыцы. Нямеччына пакуль не думае адмаўляцца ад расейскага газу і не жадае больш ні слова чуць аб атамнай энергетыцы, у той час як у Гішпаніі выкарыстанне атама зноў шырока абмяркоўваецца. Гэта істотныя адрозненні, якія нікуды не падзенуцца нават на фоне таго, што з прычыны нявызначанасці сітуацыі ў іншых еўрапейскіх краінах урады Германіі і Гішпаніі падкрэсліваюць агульныя інтарэсы і ўзводзяць сабе ў заслугу стварэнне новай сацыял-дэмакратычнай восі», – піша гішпанскае выданне.

Згодна з дакладам, апублікаваным арганізацыяй па аказанні дапамогі краінам, якія развіваюцца Oxfam, пандэмія каронавірусу  рэзка павялічыла разрыў паміж багатымі і беднымі ва ўсім свеце. Так, багацці дзесяці найбуйнейшых мільярдэраў за перыяд з сакавіка 2020 года па лістапад 2021 года падвоіліся, у той час як больш за 160 мільёнаў чалавек апынуліся за рысай беднасці.

Па меркаванні нямецкай газеты Frankfurter Allgemeine Zeitung, Oxfam разглядае праблему занадта аднабакова.

«У вачах гэтай арганізацыі карпарацыі і іх уладальнікі і ёсць самы корань зла, а таму карпарацыі неабходна раздрабніць, абкласці падаткамі ці дыскрэдытаваць. Інавацыі, якія ператвараюць такіх людзей, як заснавальнікі BioNTech Угур Шахін і Озлем Цюрэджы ў мільярдэраў, бо прэпарат ратуе мільёны жыццяў. Але  гэты факт у дакладзе Oxfam згадваецца ў лепшым выпадку ў зносцы дробным шрыфтам. Аўтары не жадаюць псаваць карціну і згадваннем таго, што капітал Ілона Маска зашкальвае дзякуючы таму, што ён змог стварыць больш бяспечную для клімату тэхналогію. Дапускаючы падобныя лакуны і замоўчванні, а таксама наўмысна згушчаючы фарбы, няўрадавая арганізацыя Oxfam, на жаль, у немалой ступені ставіць падножку сама сабе», – адзначае нямецкае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]