Агляд прэсы: зона маўчання



Павелічэнне рэпрэсій у Беларусі можа выклікаць новыя пратэсты. СМІ спрабуюць разблытаць сітуацыю з выбарамі ў Ізраілі. Ці хопіць месца ў космасе Расеі і ЗША? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Індыйская газета The Hindu уважліва адсочвала 25 сакавіка ў Беларусі ў чаканні прыкметаў удыхання жыцця ў рух супраць Лукашэнкі.

«Улады перамяшчалі ваенныя машыны ў цэнтр сталіцы, Менску. Прычынай стала  анансаванае аднаўленне пратэстаў, якое супадае з Днём Волі ў Беларусі. Гэты дзень апазіцыя адзначае кожны год у гадавіну абвяшчэння незалежнасці краіны ў 1918 годзе. Чыноўнікі заявілі, што запланаваныя акцыі пратэсту незаконныя і на гэтым тыдні прынялі меры па барацьбе з іншадумствам, абвінаваціўшы групу прадстаўнікоў польскага народа ў Беларусі ў распальванні расавай нянавісці і «рэабілітацыі нацызму», – адзначае індыйскае выданне. The Hindu факусуе ўвагу на тым, што міліцыя затрымала кіраўніка Саюза палякаў Беларусі Анжэліку Борыс і правяла ператрусы ў офісах арганізацыі, дамах яе актывістаў і прынамсі ў адной польскай школе.

***

У Ізраілі адбыліся выбары ў парламент, ужо чацвёртыя за апошнія два гады. Фарміраванне ўрада і на гэты раз будзе няпростай задачай. На дадзены момант падлічана каля 90 працэнтаў галасоў. Ужо можна казаць пра тое, што правакансерватыўная партыя Лікуд, якую ўзначальвае дзеючы прэм’ер-міністр Нетаньяху, нягледзячы на некаторую страту папулярнасці, па-ранейшаму застаецца галоўнай палітычнай сілай у краіне. Аднак атрыманых галасоў недастаткова для таго, каб сфармаваць жаданую прэм’ерам кааліцыю з правых і рэлігійных партый.

«Дзеючы прэм’ер павінен прызнаць сваю паразу», – патрабуе ізраільская газета The Jerusalem Post.

«Палітычнаму фантазёру Нетаньяху самы час зразумець, што ён не ў стане стварыць кааліцыю, якая дасць яму магчымасць захаваць імунітэт. Для гэтага яму проста не хапае галасоў. Замест таго каб навязваць краіне чарговыя выбары ў надзеі займець на іх жаданы працэнт галасоў, яму варта было б проста ісці наперад. Калі ж урад, як таго жадае Нетаньяху, будзе сфарміраваны толькі з мінімальнай перавагай галасоў, то яго адназначна чакае хуткі правал», – падкрэслівае ізраільскае выданне.

***

 Амерыканскае выданне Politico паведаміла пра абмеркаванне прадстаўнікамі ЗША і Расеі адказных паводзінаў у космасе.

«Пра сустрэчу папрасіў Вашынгтон, дыскусія вялася «на тэхнічным узроўні», – гаворыцца ў артыкуле. «ЗША і Расея неаднаразова сутыкаліся ў космасе, нягледзячы на тое, што гэтыя краіны шчыльна ўзаемадзейнічаюць у межах грамадзянскіх касмічных праграм на Міжнароднай касмічнай станцыі».

Выданне Politico падкрэслівае, што летась кіраўнік касмічных аперацый генерал Джэй Рэйманд абвясціў, што пара расейскіх спадарожнікаў уважліва сочыць за касмічным спадарожнікам ЗША на арбіце, і гэта паводзіны ён назваў «незвычайнымі і трывожнымі». Аднак амерыканскія СМІ пакуль не маюць дадзеных, хто канкрэтна ўдзельнічаў у «касмічнай» дыскусіі з Расеяй з боку ЗША.

***

Сусветнымі лідарамі ў справе вакцынацыі з’яўляюцца Ізраіль, ЗША і Вялікабрытанія. Гэтая тройка нашмат апярэджвае ў гэтых адносінах краіны ЕЗ. Прэса разважае пра прычыны адставання Еўропы і мяркуе, што ўся справа ў характары ўзаемаадносінаў рынку і дзяржавы.

«У параўнанні з прыватным бізнесам дзяржава паўстае не ў лепшым святле», – так каментуе сітуацыю аўстрыйская газета Die Presse.

«Сярод насельніцтва расце папулярнасць панятку моцнай дзяржавы, і  гэта проста дзіўна. У тым, што тычыцца вакцынацыі, ЗША і Вялікабрытанія апярэджваюць нас на некалькі месяцаў. Калі прыгледзіцца, то можна выявіць дзіўную заканамернасць: там, дзе замовай вакцын і іх размеркаваннем займаюцца дзяржаўныя чыноўнікі вышэйшага звяна – няхай гэта будзе на ўзроўні ЕЗ або ў межах асобнай краіны, там хуткасць вакцынацыі проста чарапашая. Але там, дзе быў прыцягнуты прыватны сектар, як у ЗША і Вялікабрытаніі, праца відавочна ладзіцца. Магчыма, катастрофа з вакцынацыяй павінна прымусіць нас трохі падумаць, перш чым мы пачнем ізноў заклікаць да ўзмацнення ролі дзяржавы ў эканоміцы», – задаецца рытарычным пытаннем аўстрыйскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.