Агляд сусветнай прэсы



Магчымая незалежнасць Уэльса, напружанасць на армяна-азербайджанскай мяжы, ці зменіцца зноў назва Паўночнай Македоніі?

Якія яшчэ тэмы сёння ў фокусе сусветнай прэсы, даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча:

– 11 азербайджанскіх вайскоўцаў і адзін мірны жыхар загінулі за апошнія двое сутак у выніку абвастрэння становішча і ўзаемных абстрэлаў на мяжы Азербайджана і Арменіі. Сярод загінулых — генерал-маёр і палкоўнік азербайджанскай арміі, намеснік міністра абароны краіны Керэм Веліеў. Арменія паведаміла пра чатырох загінулых вайскоўцаў і некалькіх параненых. Такім чынам, агульная колькасць загінулых з абодвух бакоў ужо склала 16 чалавек. Гэта самы сур’ёзны памежны канфлікт тут з красавіка 2016 года. Афіцыйны Ерэван абвясціў, што шэраг урадавых ведамстваў, уключаючы сайт прэм’ер-міністра Арменіі Ніколы Пашыняна, падвергліся кібератакам. Сутыкненні і артабстрэл пачаліся ў нядзелю на ўчастку мяжы паміж Тавузскім раёнам Азербайджана і Тавушскай вобласцю Арменіі. „Сітуацыя ў сяле дрэнная, насельніцтва напалоханае”, — паведамілі ВВС у муніцыпалітэце азербайджанскай вёскі Алібейлі. Два дні таму, калі актывізаваліся артабстрэлы, з сяла эвакуявалі дзяцей, старых і жанчын. Ачаг напружанасці знаходзіцца далёка (каля 300 км) ад Нагорнага Карабаха, тэрыторыю якога Арменія і Азербайджан аспрэчваюць ўжо больш за 30 гадоў. Тавузскі раён Азербайджана таксама мяжуе з Грузіяй. Міністэрства абароны Арменіі сцвярджае, што армянскія вайскоўцы абстралялі не азербайджанскія вёскі, а толькі інфраструктуру і тэхніку. Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў назваў тое, што адбылося, правакацыяй Арменіі і абвінаваціў Ерэван ў спробах захапіць частку азербайджанскай тэрыторыі.

Мы ў сваіх аглядах часта кажам пра выбары. Натуральна, тэма беларускіх выбараў і яе асвятленне ў сусветных медыя будзе адыгрываць вялікую ролю. Разбіралі мы і публікацыі адносна прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы. А сёння публікацыя New York Times тычыцца патэнцыйнага пашырэння Еўразвязу і НАТА, якое вырашаецца ў сераду ў Скоп’і. Там праходзяць парламенцкія выбары. Македонія, ці, як зараз гаворыць афіцыйная назва Рэспубліка Паўночная Македонія, вырашае, якая партыя павядзе краіну далей. Кіроўныя сацыял-дэмакраты на чале з прэм’ер-міністрам Зоранам Заевым ці да ўлады прыйдзе нацыянальна арыентаваная апазіцыя? Газета адзначае, што Заеву ўдалося зрабіць за 30 месяцаў кіравання больш, чым усім папярэднім прэм’ерам за 30 гадоў незалежнасці пасля распаду Югаславіі. Краіна ўсутыч наблізілася да ўступлення ў НАТА, запушчаны працэс абмеркавання ўступлення Македоніі ў Еўразвяз, наладжаны стасункі з Грэцыяй пасля 30-гадовага канфлікту вакол назвы. Назва і цяпер застаецца вельмі важным чыннікам на выбарах. Паводле пагаднення з грэкамі, прыстаўка Паўночная павінна азначаць, што рэспубліка не мае тэрытарыяльных прэтэнзій да Грэцыі, якія нібыта былі ў самой назве Македонія з улікам таго, што частка гістарычнай Македоніі зараз уваходзіць у склад Грэцыі. Але мноства македонцаў выступаюць супраць такой прыстаўкі, пры гэтым Заеў зацвердзіў пагадненне з грэкамі нават нягледзячы на тое, што тысячы выбарцаў байкатавалі рэферэндум па назве, называючы яго незаконным. Блогер Роберт Мілескі кажа: „Я з Македоніі, а не з Паўночнай Македоніі. Заеў не меў права выказвацца за ўсіх людзей, вызначаючы так нашу будучыню. На мінулых выбарах я галасаваў за ягоную партыю, але гэта была найбуйнейшая памылка ў маім жыцці.” Асноўны апанент Заева, правы палітык з нацыяналістычнага блоку Хрысціян Міцкоскі адзначае, што ён не супраць інтэграцыі ў НАТА і Еўразвяз. Не можа адмаўляць рэальнага жадання многіх македонцаў. Але назву краіны, у выпадку перамогі на выбарах, абяцае вярнуць. Акрамя таго, Міцкоскі абяцае перагляд дамоваў з Грэцыяй і Балгарыяй, а таксама апошніх законаў, прынятых левацэнтрыстамі, наконт правоў албанскай меншасці, якая складае каля чвэрці насельніцтва Македоніі. Заеў раней казаў, што калі ўнутры краіны не будзе стабільнасці, зноў пачнуцца сутыкненні македонцаў з албанцамі. Албанская мова пры ім зроблена афіцыйнай, а ў раёнах, дзе албанцы складаюць большасць, дазволена дубляваць дарожныя ўказальнікі і шыльды па-албанску. Многім македонцам пашырэнне правоў албанцаў не падабаецца — яшчэ не так даўно, 19 год таму, у краіне быў унутраны канфлікт, які ўдалося згасіць толькі знешнім умяшаннем. Партыя Заева працуе на выбарах разам з этнічнай Албанскай партыяй — гэта рэдкі прыклад супрацы двух партый розных народаў на Балканах.

А Уэльс набліжаецца да прамога абмеркавання незалежнасці. Выданне Independent паведамляе, што ў сераду ў валійскім парламенце ўпершыню ў гісторыі адбудуцца дэбаты аб незалежнасці ад Вялікай Брытаніі. Дэбаты скліканыя нацыяналістычнай партыяй Plaid Cymru на тле рэзкага падвышэння падтрымкі незалежнасці пасля каронавіруснага крызісу. Паводле апошняга апытання, колькасць жыхароў Уэльса, якія адназначна выступаюць за незалежнасць, вырасла да 25%. Гэта на 4 адсоткі болей за ранейшае апытанне. І гэта тыя, хто адназначна за незалежнасць, шмат людзей яшчэ вагаюцца. Парламент Уэльса, у якім кіруюць лейбарысты, а не кансерватары як у агульнабрытанскім парламенце, не зняў абмежаванняў, як гэта зрабілі ў Англіі. Арганізацыя Welsh Berometer спытала ў валійцаў, каму яны больш удзячныя за пераадоленне цяжкіх наступстваў каронавіруса, валійскаму ці брытанскаму парламенту. 62% заявілі, што найбольш дапамаглі мясцовыя ўлады з Кардыфу, чым Лондан. Сённяшняе паседжанне ў валійскім парламенце паставіць канкрэтнае пытанне пра дату мяркуемага рэферэндуму аб незалежнасці. Пры гэтым кіроўныя ў Кардыфе лейбарысты выступаюць за тое, каб застацца ў складзе Злучанага Каралеўства. Раней ва Уэльсе ўжо адбываліся два рэферэндумы за незалежнасць. Галасаванне 1979 года было цалкам правальным для нацыяналістаў, амаль 80% жыхароў выказалі жаданне застацца ў складзе Вялікай Брытаніі, другое было ў 1997-м, і яно дало надзею, хаця перамаглі ўсё адно прыхільнікі яднання з Лонданам. Толькі набралі яны ўжо 50,3% галасоў. Цяпер нацыянальныя сілы Уэльса як ніколі моцныя перад магчымым рэферэндумам, які мае ўсе шанцы завяршыцца для іх станоўча.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: walesonline.co.uk