АГП ізноў змяняе кіраўніка



Васіль Палякоў падаў у адстаўку з пасады старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Часова выконваючым абавязкі старшыні АГП прызначаны Мікалай Казлоў. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні палітсавета партыі 23 верасня, паведаміла прэс-служба АГП.

„На з’ездзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі 8 ліпеня старшынём партыі дэмакратычным шляхам быў абраны Васіль Палякоў. Гэта супала па часе з неабходнасцю рэфармавання працы партыі з акцэнтам на павышэнне актыўнасці рэгіянальных арганізацый. У выніку па заканчэнні двух месяцаў пасля з’езда зноў абраны старшыня зрабіў заяву, што не ў поўнай меры ўяўляў сабе наяўныя ў партыі праблемы і тыя новыя выклікі, якія стаяць перад партыяй і перад ім як старшынём. Сітуацыю пагоршыла немагчымасць яго пераезду ў Менск”, — удакладнілі ў прэс-службе партыі.

Палякаў звярнуўся да палітсавета арганізацыі з заявай аб складанні з сябе паўнамоцтваў старшыні.

„Палітсавет высока ацэньвае заслугі Васіля Палякова перад партыяй, яго дзелавыя і асабістыя якасці і выказвае ўпэўненасць, што ён працягне актыўную працу ў партыі, — адзначылі ў прэс-службе. — Выкананне абавязкаў да наступнага з’езда партыі ўскладзена на намесніка старшыні АГП Мікалая Казлова. Аб’яднаная грамадзянская партыя была і застаецца прыхільнікам дэмакратычных норм і прынцыпаў, а яе чальцы і ў далейшым будуць вырашаць усе пытанні ў адпаведнасці з нормамі статута партыі”.

На чарговым з’ездзе АГП 8 ліпеня гэтага года Анатоль Лябедзька, які ўзначальваў АГП з 2000 года, узяў самаадвод. Сваё рашэнне ён абгрунтаваў жаданнем адысці ад прыняцця палітычных рашэнняў у партыі. Новым старшынём АГП быў абраны Васіль Палякоў. Усяго на пасаду старшыні АГП прэтэндавалі чатыры чалавекі, у тым ліку Мікалай Казлоў.

* * * 

Васіль Палякоў сышоў з пасады старшыні АГП. Пра гэта паведаміў у фэйсбуку старшыня Руху „За Свабоду” Юры Губарэвіч. Напярэдадні, 23 верасня, палітсавет Аб’яднанай грамадзянскай партыі абмеркаваў эфектыўнасць работы. Падрабязнасці закрытага для прэсы мерапрыемства ў партыі пакуль не раскрываюць, паабяцаўшы неўзабаве распаўсюдзіць прэс-рэліз.

Нагадаем, што Васіль Палякоў быў абраны новым старшынём АГП 8 ліпеня цягам 18-га з’езду партыі.

Беларускае Радыё Рацыя