АГП хоча нагадаць уладам пра сапраўдны Дзень Незалежнасці Беларусі



Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі  падалі дзясяткі заявак на правядзенне  пікетаў па ўсёй Беларусі. Мерапрыемствы прымеркаваны да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – 27 ліпеня. У гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце краіны. Але пазней свята было перанесена на 3 ліпеня. Па словах прэсавага сакрата АГП Ганны Красулінай, пікеты павінны нагадаць, што сапраўдны Дзень  Незалежнасці трэба святкаваць не 3 ліпеня.

– Падавалі мы такія заяўкі ва ўсіх абласных цэнтрах і ў многіх гарадах. Агулам атрымалася 92 заяўкі. 31 з іх падалі ў Менску. Заяўкі падавалі для таго, каб нагадаць уладам, што насамрэч Дзень Незалежнасці Беларусі 27-га ліпеня, а не 3-га.

Па словах Ганны Красулінай, гэта адначасова і тэст для ўладаў, прадстаўнікі якой у апошні час шмат кажуць пра суверэнітэт, чаго вартыя іх словы? А таксама тэст на свабоду і дэмакратыю ў краіне. У мінулыя гады ўсе мерапрыемствы ў гэты дзень афіцыйна не дазваляліся.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота inbelhist.org