Агучаны план па вылучэнні адзінага дэмакратычнага кандыдата



Пяць беларускіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў дамовіліся аб вылучэнні адзінага кандыдата падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. У праймерыз па вылучэнні „адзінага” бяруць удзел Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Партыя БНФ, Рух „За свабоду”, Беларуская сацыял–дэмакратычная партыя (Грамада).

Кіраўнік Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч назваў „гістарычнай падзеяй” тое, што асноўныя беларускія дэмакратычныя сілы нарэшце дамовіліся аб супольным перадвыбарчым сцэнары. Апошні раз такое было толькі ў 2005 годзе, напярэдадні выбараў 2006 года. Тады адзіным кандыдатам ад апазіцыі стаў Аляксандр Мілінкевіч:

Мы даем магчымасць прыняць у працэдуры ўдзел шырокім колам беларускага грамадства. Любому жадаючаму, хто хацеў бы падтрымаць адзінага кандыдата, хто хацеў бы ўвайсці ў каманду, мы даем права прыходзіць на рэгіянальныя сходы або ўдзельнічаць у інтэрнэт-галасаванні. Такім чынам абраны кандыдат будзе вылучэнцам не толькі вось гэтых пяці, магчыма, будзе і пашырэнне структураў, але будзе вылучаны ад людзей Беларусі.

Пачалі мы кампанію па вылучэнні адзінага кандыдата ўжо зараз, яна пройдзе ў некалькі этапаў, якія ўключаюць і паездкі па рэгіёнах, і галасаванне ў інтэрнэце, і правядзення кангрэса дэмакратычных сілаў.

Ужо ў другой палове траўня прозвішча адзінага кандыдата для ўдзелу ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі будзе агучана, – запэўніў Юрась Губарэвіч.

Па словах кіраўніка АГП Міколая Казлова, працэдура вылучэння складае 4 этапы і праводзіцца па бальнай сістэме. 100 балаў будуць размеркаваныя наступным чынам:

– Першы этап – па 2 балы атрымлівае кожная партыя заснавальнік, назавем гэта так. Наступны этап онлайн-галасаванне – гэта інтэрнэт-пляцоўка, дзе кожны выбаршчык будзе мець магчымасць пазнаёміцца з кандыдатам і прагаласаваць – 30 балаў. Наступныя 30 балаў – гэта паездкі па рэгіёнах. У кожным горадзе будзе зарганізавана офлайн-галасаванне, то бок будуць раздадзеныя бюлетэні, дзе людзі змогуць прагаласаваць. Па выніках паездак у адпаведнасці з працэнтамі набраных галасоў будуць размеркаваныя балы.

Апошні этап – гэта кангрэс. На ім прадстаўнікі партый – ініцыятараў гэтага праймерыз, а таксама кандыдатаў, запрашаюць на кангрэс па 100 чалавек. Структуры, якія ўдзельнічалі ў працэдурах, але не вылучылі свайго кандыдата, маюць права вылучыць па 25 чалавек.

Пасле гэтага адбудзецца тайнае галасаванне. І з улікам вынікаў папярэдніх этапаў на кангрэсе абяруць адзінага кандыдата, таго, хто набярэ найбольшую колькасць балаў, – распавёў Мікалай Казлоў. Але, па яго словах, прайграўшых не будзе.

„Мы ўсе вырашаем адну праблему – мы жадаем пераменаў. Таму ўсе ўдзельнікі праймерыз у выніку ствараюць каманду і працуюць на адзінага кандыдата”, – кажа Мікалай Казлоў.

У кампаніі па вылучэнні адзінага ўдзельнічаюць Аб’яднаная грамадзянская партыя, Рух „За свабоду”, Партыя БНФ, Беларуская сацыял–дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

„Калі ўлады падчас прэзідэнцкіх выбараў пойдуць на парушэнне выбарчага заканадаўства, грамадства мае права на мірны пратэст”, — лічыць сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Пра гэта ён сказаў падчас прэсавай канферэнцыі ў Менску, на якой прадстаўнікі пяці дэмакратычных партый і арганізацый Беларусі заявілі пра сумесны план па вылучэнню адзінага кандыдата для ўдзелу ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Па словах Віталя Рымашэўскага, канчатковая мэта гэтай сумеснай кампаніі — перамога:

– Шлях да гэтай перамогі зразумелы – актыўная падтрымка большасцю грамадзян Беларусі адзінага кандыдата і абарона свайго голасу. Тое, што мы прапануем, гэта ўдзел у актыўным назіранні, патрабаванне змены Выбарчага кодэксу. Калі ўлады пойдуць на парушэнне выбарчага заканадаўства, то мы маем права на мірны пратэст, мы маем права таксама на агульнанацыянальную забастоўку. Не трэба гвалтам скідваць гэтую ўладу, я падкрэсліваю, дастаткова перастаць іх карміць. Абсалютна легальнымі мірнымі шляхамі мы можам дамагчыся свабоды і дэмакратыі для нашых грамадзянаў.

„І адзіны кандыдат гэта дапаможа зрабіць”, — кажа Віталь Рымашэўскі.

„Апроч таго, мы прапануем грамадству не толькі персанальную альтэрнатыву. Падчас правядзення выбарчай кампаніі будзе прапанавана і праграма рэформаў, як альтэрнатыва таму курсу, які праводзіць дзеючая ўлада”, — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

[manual_related_posts]