Аксана Вайцюк: Еўропе трэба аб’яднацца
Госць нашага эфіру выкладчыца Беластоцкага ўніверсітэта, палітолаг Аксана Вайцюк.

РР: З’явіўся чарговы зварот Уладзіміра Зяленскага, які распавёў, што ствараецца антыпуцінская кааліцыя. Як вам падаецца, гэта ідэя слушная? Яна патрэбная зараз?
– Так, гэта вельмі патрэбна. Еўропе трэба аб’яднацца, быць моцнай, як ніколі і падтрымліваць Украіну. Бо тое, што сёння адбываецца ва Украіне, заўтра можа адбывацца ў еўрапейскіх сталіцах. Калі мы не затрымаем Пуціна, то ён пойдзе так далёка, наколькі мы яму дазволім.
РР: З расейскага боку паведамляюць, што ўкраінскія вайскоўцы пакідаюць свае пазіцыі.
– Гэта дэзынфармацыя і гэтаму не трэба давяраць. Таксама, як і верыць таму, што гаварыў Пуцін, што Украіна – гэта ўвогуле не краіна, што тут няма легітымнага ўраду, прэзідэнта і гэтак далей. Гэта ўсё казкі, якія прыдумала расейская прапаганда, перш за ўсё для ўласнага насельніцтва, каб нейкім чынам апраўдаць тое, што яны хочуць напасць на Украіну.
РР: Здавалася, што ўжо некалькі апошніх тыдняў чакалі гэтага ўварвання. Амерыканская выведка заяўляла , што такое ўварванне можа адбыцца цягам 48 гадзін. Ці ўсё ж былі нейкія спадзяванні, што на такі крок Уладзімір Пуцін не пойдзе?
– Было спадзяванне і да апошняга не хацелася верыць у тое, што гэты чалавек атакуе ўсю тэрыторыю Украіны. Былі дапушчэнні, што могуць быць атакі з поўдня, з усходу, але каб атакаваць заходнія гарады, гэта псіхічна здаровы чалавек не мог дапусціць. Украінцы ні на каго не нападалі, яны проста хочуць жыць у еўрапейскай, дэмакратычнай краіне, а не па саўковых правіла, якія ім спрабуе навязаць Пуцін. Кожны адкідваў гэтыя думкі і не верыў у тое, што будзе поўнамаштабнае ўварванне. Тым больш, што здавалася, што ўсё ж такі да гэтага не дойдзе. Як бачым, мы ўсе памыляліся.
Беларускае Радыё Рацыя
[manual_related_posts]