Акцыя салідарнасці: чацвёртая гадавіна разгону Плошчы ў Менску



Рух Салідарнасці „Разам” правеў акцыю салідарнасці ў Кіеве, прысвечаную сумнай даце – чацвёртай гадавіне разгону Плошчы ў Менску.  Акцыя распачалася з агульнага збору ўдзельнікаў на Майдане Незалежнасці каля стэлы. Удзельнікі разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг і пачалося веча. Першым выступіў старшыня Руху Салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык. Ён распавеў прысутным пра падзеі 19 снежня 2010 году і нагадаў, што акцыя праходзіць пад трыма лозунгамі:

1) Свабоду беларускім палітвязням: Мікола Статкевіч (кандыдат у прэзідэнты РБ у 2010 г.), Ігар Аліневіч, Мікола Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Андрэй Бандарэнка. І адмена незаконнага прысуду Юрыю Рубцову. Таксама было вылучана патрабаванне да беларускай апазіцыі, каб урэшце-рэшт усе дэмакратычныя сілы вылучылі Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам ад апазіцыі на будучых прэзідэнцкіх выбарах, якія адбудуцца у 2015 годзе.

2) Патрабаванне надаць палітычны прытулак ва Украіне беларусам-абаронцам Майдану: Зміцеру Гунічу, Анжаліке Гуніч, Галіне Сарочык, Юлі Шаблоўскай, Алегу Аўчыннікаву.

3) Свабоду беларусу Зміцеру Лысковічу, сябру „Правага сектару”, які прызнаны палітвязнем ужо ў сенняшняй Украіне і які зараз сядзіць за кратамі ў Лук’яніўскім СІЗА.

Пасля заканчэння веча ўдзельнікі акцыі пайшлі да амбасады Рэспублікі Беларусь, скандуючы па дарозе „Слава Украіне”, „Жыве Беларусь”, „Свабоду палітвязням» ды іншыя. Каля амбасады высунулі галоўнае патрабаванне да беларускіх уладаў – вызваліць усіх палітвязняў. Да прысутных з амбасады ніхто не выйшаў.

Па заканчэнні пікетавання беларускай амбасады арганізатары акцыі заклікалі падтрымаць акцыю, якую будзе ладзіць Камітэт вызвалення палітвязняў і Рух Салідарнасці „Разам” 23-га снежня пад амбасадай Расеі аю 11-й гадзіне. Удзельнікі акцыі будуць патрабаваць ад расейскіх уладаў вярнуць украінскага актывіста, кіраўніка УНА-УНСО Міколу Карпюка, які быў выкрадзены расейскім ФСБ у сакавіку 2014 году.

Беларускае Радыё Рацыя