Актывіст дамогся рэгістрацыі назіральнікам пасля публікацыі ў сацсетках



Прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі дамогся рэгістрацыі назіральнікам пасля публікацыі ў сацыяльных сетках. Гомельскаму актывісту Андрэю Толчыну ледзьве не адмовілі ў рэгістрацыі назіральнікам у выніку адвольнай інтэрпрэтацыі выбарчага заканадаўства сакратаркай участковай выбарчай камісіі. Сакратарка ўчастковага выбаркаму №10 34-й Савецкай акругі ўгледзела ў адсутнасці штампа аб прапісцы ў пашпарце перашкоду для допуску назіральніка на выбарчы ўчастак. Сітуацыя змянілася пасля публікацыі падрабязнасцяў здарэння на асабістым акаўнце Андрэя Толчына ў сацыяльнай сетцы:

– Сакратарка прыняла пратакол, але пасля яна ўважліва глядзела ў мой пашпарт. Для мяне гэта было зразумела, бо ў мяне няма штампа аб рэгістрацыі. Я сказаў, што ёсць Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, які вызначае правы назіральнікаў. Там напісана, што назіральнікам з’яўляецца грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Штамп не мае дачынення да майго грамадзянства. У выніку мне патэлефанавала старшыня камісіі і сказала, што я магу прыйсці.

Андрэй Толчын у пачатку дзевяностых быў дэпутатам Гомельскага гарадскога савета. У 2000-ых неаднаразова быў даверанай асобай дэмакратычных кандыдатаў, назіральнікам і сябрам акруговай выбарчай камісіі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота БелТА