Алег Гайдукевіч: Галасы мне накруцілі выпадкова



Лідар ДППБ і прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Алег Гайдукевіч выказаўся з той нагоды, хто падчас Інтэрнэт-апытанняў накручвае галасы на яго карысць.

«Наша Ніва» сутыкнулася са спробай фальсіфікацыі вынікаў апытанкі на сваім сайце. Пытанне гучала так: «За каго б вы прагаласавалі на выбарах, калі б там лічылі галасы?»

Выданне адзначае, што ў пэўны перыяд часу нехта пачаў накручваць галасы за прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Алега Гайдукевіча, які па выніках апытання пакуль знаходзіцца ў самым нізе.

Алег Гайдукевіч: Па-першае, я даволі скептычна стаўлюся да інтэрнэт-апытанняў, бо яны вельмі рэдка адлюстроўваюць рэальную карціну. Калі зыходзіць з такіх апытанак, то ў Лукашэнкі рэйтынг – каля 3 адсоткаў. Хіба гэта праўда ў рэальнасці?

Таму я абсалютна не веру такім праектам. У некага 60 адсоткаў, у іншых – па 1 адсотку. Так не бывае, гэта казкі. А ўвогуле, усё на свае месцы паставяць выбары. Пабачым яшчэ, хто назбірае 100 тысяч подпісаў і каго зарэгіструюць.

РР: Вы лічыце, што сёння нехта зможа сабраць столькі подпісаў?

Алег Гайдукевіч: Я ўпэўнены, што мая каманда столькі назбірае. Не сумняваюся ў гэтым. А вось тыя, хто сёння ў лідарах у Інтэрнэт-апытаннях, могуць і не дайсці да кандыдата ў прэзідэнты.

Я, дарэчы, ужо пачаў збор подпісаў і бачу, як людзі да мяне ставяцца. Ужо ў першы дзень мы добра пачалі, мяркуючы па пікетах ля ГУМа і Камароўкі. Упэўнены, што, калі будзем працаваць па такім графіку і надалей, то 100 тысяч подпісаў збяром без аніякіх праблем.

РР: А каму тады патрэбна накручваць вам рэйтынг у Інтэрнэт-апытанні?

Алег Гайдукевіч: У мяне такая здагадка: нехта накручваў галасы іншаму прэтэндэнту, але выпадкова яшчэ і мне накруціў за кампанію. Дзякуй, безумоўна, добрыя людзі, але мне гэта непатрэбна. Можаце намаляваць мне ва ўсіх апытаннях нават нуль, я абсалютна не пакрыўджуся.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя