Алег Гайдукевіч: Трэба пераходзіць на выбары па партыйных спісах



Намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч распавёў пра неабходныя змены ў заканадаўстве аб партыях і грамадскіх арганізацыях.

Нагадаем, што ў хуткім часе такія змены адбудуцца, хаця не факт, што ўсе прапановы партый будуць улічаны.

Алег Гайдукевіч: Нашы калегі прапаноўваюць спрашчэнне рэгістрацыі для партый і рэгіянальных структур, кажуць пра бюджэтнае фінансаванне. Усё гэта добра, і мы гэта таксама падтрымліваем. Але трэба глядзець больш радыкальна і рабіць крокі, якія сур’ёзна зменяць усю палітычную сістэму краіны.

Трэба пераходзіць на новую сістэму выбараў – па прапарцыянальна-мажарытарнай сістэме, па партыйных спісах. Гэта зменіць усё і ўключыць у сябе, у тым ліку, і тыя прапановы, што паступілі ад іншых партый і грамадскіх аб’яданнняў.

РР: Што вы думаеце наконт фінансавання партый?

Алег Гайдукевіч: Ва ўсім свеце партыі фінансуюцца не з бюджэта, а з кішэні выбаршчыкаў. Тая партыя, якая прайшла ў парламент, мае права ствараць свой фонд і атрымліваць дзяржаўныя грошы. Але гэта фактычна не дзяржаўныя грошы, а нашых выбаршчыкаў, якія падтрымалі нас і голасам, і грашыма.

Дарэчы, Беларусь застаецца адной з нямногіх краін нават у СНД, дзе няма партыйных спісаў. А калі аднамандатныя акругі, то тут заўсёды выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс. Партыйныя спісы гарантуюць альтэрнатыву, а альтэрнатыва – гэта развіццё і дэмакратыя.

Восенню мы праводзім з’езд, дзе абярэм 110 кандыдатаў у кожную акругу краіны, і будзем прапаноўваць свае змены ў Канстытуцыю. Адной з прапаноў і будзе – пераход на выбары па партыйных спісах. Мы хочам, каб ужо наступная кампанія ў мясцовыя Саветы прайшла б такім чынам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by