Алег Трусаў: Абражаць сваю краіну не дазволена нікому



Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў пракаментаваў сітуацыю вакол затрымання ў Беларусі аўтараў расейскіх сайтаў.

Як ужо паведамлялася, арыштаваным аўтарам расейскіх імперскіх сайтаў Юрыю Паўлаўцу і Дзмітрыю Алімкіну пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення за распальванне міжнацыянальнай варожасці. Іх дзеянні следства трактуе як здзейсненыя групай асобаў, а гэта значна павялічвае пакаранне.

Алег Трусаў: Я лічу, што абражаць сваю краіну не дазволена нікому. “Ура” крычаць з нагоды арышту гэтых людзей не варта, але і па галаве іх гладзіць не трэба. Таму што, калі нехта абражае нацыю, абражае народ, то як мінімум добрага штрафа ён заслугоўвае. Іншая справа, ці варта за гэта садзіць у турму, але выпісаць круглую суму за зневажэнне беларускага народу трэба абавязкова. Вы паглядзіце, колькі штрафаў атрымліваюць нашы людзі за нацыянальныя сцягі.

РР: Некаторыя прапануюць лічыць затрыманых палітвязнямі, бо тыя, маўляў, пацярпелі з-за сваіх палітычных поглядаў…

Алег Трусаў: Па-першае, ніякіх судоў пакуль яшчэ не было, гэтыя людзі яшчэ знаходзяцца пад следствам. І затрымалі іх у адпаведнасці з нашым заканадаўствам, таму пакуль не трэба спяшацца з вызначэннямі.

РР: Раней такіх людзей усё часцей на дзяржаўнае тэлебачанне запрашалі, а зараз за краты адпраўляюць. Нешта змянілася ў палітыцы ўлады?

Алег Трусаў: Вядома, змянілася. І мы бачым, што ў апошнія месяцы ўсё карэнным чынам змяняецца. Хто мог падумаць, што польскія высокія чыноўнікі ў Беларусь будуць ездзіць, мабыць, часцей чым у Брусель? А так званыя прарасейскія публіцысты, відаць, не зразумелі, што зараз не той час і не тыя песні трэба спяваць. І наогул, хіба можна апускацца да ўжывання абразаў, нецэнзурнай лексікі, знявагі дзяржавы?  Гэта ж у любой краіне забаронена. Паспрабаваў бы нехта ў Расеі тым самым займацца – адразу ж кінулі б за краты.

РР: Як Крэмль будзе успрымаць гэтую сітуацыю?

Алег Трусаў: Відавочна, што расейская прапаганда будзе рабіць з затрыманых героеў, але гэта не зробіць героямі іх на Бацькаўшчыне. Тым больш, што, як мне падаецца, такія працэсы ў краіне будуць працягвацца, пакуль Беларусь не атрымае ад Расеі неабходныя нафту і газ.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя