Алег Трусаў: Улада спазняецца на некалькі гадоў
“Тое, што агучыў дэпутат Ігар Марзалюк, мы прапаноўвалі яшчэ тры гады таму”, – распавёў былы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.
Гісторык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк у сваім выступе на ІІ з’ездзе беларускіх навукоўцаў прапанаваў выкладаць гуманiтарныя дысцыплiны на беларускай мове, а дакладныя – на рускай.
Алег Трусаў: Днямі я быў на прыёме ў шведскай амбасадзе, да мяне падыходзіла восем вядомых беларускіх чыноўнікаў, якія займаюць высокія пасады, і пыталіся, як ідзе праца па стварэнні прыватнага беларускамоўнага ўніверсітэта. Пра што гэта кажа? Пра тое, што нацыя саспявае, яна разумее, што беларускамоўны ўніверсітэт патрэбны. Усім зразумела, што без нармальнай сістэмы вышэйшай адукацыі краіна проста загіне.
РР: Як вы ацэньваеце прапанову Марзалюка?
Алег Трусаў: Абсалютна тое самае Таварыства беларускай мовы прапаноўвала яшчэ тры гады таму. Мы падалі ідэю выкладаць усе гуманітарныя прадметы ў школе на беларускай мове. Я яшчэ з гэтай нагоды у Савет міністраў пісаў. Таму ўлада спазняецца на некалькі гадоў, і зараз агучвае нашы прапановы. Хаця сама па сабе ідэя добрая.
РР: Адна справа – нешта сказаць і зусім іншае – рэалізаваць прапанову. Ці прыслухаюцца да дэпутата?
Алег Трусаў: А гэта залежыць ад нас з вамі. Ідэя выказана, а зараз патрэбна, каб ён надалі рэзананс. Улады дзейнічаюць такім чынам – закінуць шар і глядзяць на рэакцыю грамадства. Калі яно маўчыць, то ніхто і пальцам не варухне, каб нешта змяняць. Таму неабходны рэзананс. Ідэю трэба напоўніць, але ніяк не маўчаць. Калі будзем маўчаць, то нічога не будзе. А для рэалізацыі прапановы ўсе неабходнае маецца. Падручнікі ёсць, дзеці будуць з ахвотай вучыцца на мове, таму што беларуская мова ў краіне апошнім часам папулярызуецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
