Алег Волчак: Актывістаў могуць трымаць у ізаляцыі аж да заканчэння выбараў



Кіраўнік цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак патлумачыў, чаму ўлады Беларусі вырашылі на доўгі тэрмін ізаляваць найбольш актыўных людзей.

Зараз у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) знаходзіцца шмат актывістаў, якіх адправілі на «суткі», і на месцы выпісваюць новыя. Напрыклад, Вольга Мікалайчык сядзіць ужо каля месяца, амаль столькі ж правялі там палітыкі Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец

Алег Волчак: Па законе, у ЦІПе не павінны трымаць больш, чым 25 сутак, але міліцыя знайшла выйсце. У цэнтры чалавеку выпісваюць новыя «суткі», і, каб было ўсё як быццам у межах закона, вязня праз 25 сутак вывозяць за межы ЦІПа (а, магчыма, і нікуды не вывозяць), і гэта значыцца, што фармальна чалавек апынуўся на волі. Пасля гэтага яго ізноў забіраюць пад рукі і цягнуць у камеру. Такім чынам адміністрацыйны арышт можна адбываць да бясконцасці. Дарэчы, гэта практыкавалася і пяць, і дзесяць гадоў таму.

Гэта, натуральна парушэнне правоў чалавека, бо вязень пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту павінен мець магчымасць крыху адпачыць, схадзіць да лекара, вырашыць пэўныя сямейныя справы, бо 25 сутак за кратамі – гэта ўжо сур’ёзнае абмежаванне волі. Сталыя прадстаўнікі апазіцыі ведаюць, што такое ЦІП на Акрэсціна, а тыя, хто трапляе туды першы раз, выходзяць адтуль у шокавым стане. Для іх Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў – гэта самая сапраўдная турма.

РР: Ізалявалі найбольш актыўных. На ваш погляд, іх будуць трымаць аж да 9 жніўня, калі адбудуцца выбары, ці выпусцяць раней?

Алег Волчак: Трэба разумець, што ўлады вырашылі такім чынам збіць пратэстную хвалю, а таму і адправілі ў ЦІП тых прадстаўнікоў апазіцыі, якія ў выбарах не ўдзельнічаюць, але гатовы падтрымаць пратэсты. Калі людзей будуць трымаць на «сутках» каля двух месяцаў – гэта будзе грубае парушэнне заканадаўства. Хаця з іншага боку мы бачым, што ўлады не спыняцца ні перад якімі рэпрэсіямі, каб толькі захаваць тое, што маюць зараз.

Маё меркаванне, што шматлікіх выпусцяць да выбараў, бо і Захаду трэба будзе нешта паказаць, але ўсё будзе залежыць ад той сітуацыі, якая будзе складвацца непасрэдна перад выбарамі. Ад яе і будуць адштурхоўвацца, але, паўтаруся, улады гатовы пайсці на самы жорсткі варыянт. Яны ні перад чым не спыняцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]