Алег Волчак: У іх свае разборкі…



Кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак пракаментаваў прысуд экс-намесніку дзяржсакратара Рады бяспекі Алегу Уцюрыну.

Як вядома, Вярхоўны суд прысудзіў Андрэя Уцюрына да 12 гадоў пазбаўлення волі. З верасня 2014 па красавік 2019 года Уцюрын быў намеснікам дзяржсакратара Рады бяспекі, з лістапада 2014-га яшчэ і членам калегіі МУС, быў начальнікам службы аховы Лукашэнкі.

Суд прызнаў Уцюрына вінаватым у атрыманні і падбухторванні да дачы хабару (ч. 3 арт. 430 КК і ч. 5 арт. 16, ч. 2 арт. 431 КК).

Алег Волчак: Па вялікім рахунку, Уцюрын справядліва атрымаў па сукупнасці таго, што здзейсніў. Перад выбарамі зрабілі паказальны працэс, каб паказаць чыноўнікам рознага роўню, што літасці не будзе ні да каго. Нягледзячы на любыя заслугі і набліжанасць да вярхоўнай улады.

Хочуць таксама яшчэ раз паказаць электарату, як гэтая ўлада змагаецца з карупцыяй і адпраўляе за краты нават самых-самых.

Хаця асабіста для мяне гэта працэс абсалютна звычайны і абсалютна не гаворыць пра сапраўдную барацьбу з карупцыяй. Ва ўладных і сілавых структурах таксама ёсць свае разборкі, і такім чынам яны вырашаюць свае кланавыя інтарэсы.

РР: Мяркуеце, што ў гэтай справе ёсць нейкія падводныя камяні?

Алег Волчак: Упэўнены ў гэтым, як упэўнены і ў тым, што многія моманты з гэтай справы мы не ведаем. Гэта засакрэчаная інфармацыя.

Успомнім, якая была гучная “справа медыкаў”, калі былі арыштаваны дзясяткі чалавек, якія таксама знаходзіліся на самых высокіх пасадах у тым жа Міністэрстве аховы здароўя. А сам міністр выйшаў сухім з вады, ён, аказваецца, некалькі гадоў не ведаў, што адбывалася ў яго пад бокам.

Таму для мяне відавочна, што ідзе выбарачная барацьба з карупцыяй у дачыненні да высокіх чыноўнікаў. Хто становіцца няўгодным – кідаюць за краты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя