Алена Анісім: Працэс пайшоў…



Старшыня Таварыства беларускай мовы і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім распавяла, што неўзабаве збярэцца экспертны савет, які будзе займацца пытаннямі надання беларускамоўным законам афіцыйнага статуса.

Вясной гэтага года падчас “Вялікай размовы з прэзідэнтам” выконваючы абавязкі рэктара Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў звярнуў увагу беларускага кіраўніка, што зараз абсалютная большасць законаў выходзіць на рускай мове.

На думку Алега Трусава, кожны суддзя павінен ведаць дзве мовы. Таксама ён папрасіў Палату прадстаўнікоў і Савет міністраў дубліраваць законы на дзвюх мовах.

Алена Анісім: Зараз па нашай настойлівай працы, каб заканадаўства было не толькі на рускай мове, але і на беларускай, ёсць пэўны вынік. Ужо да канца гэтага месяца павінна адбыцца першае пасяджэнне экспертнага савета, у які будуць уваходзіць навукоўцы, лінгвісты, гісторыкі, грамадскія дзеячы і юрысты. Савет будзе ідэнтыфікаваць альбо афіцыйна ўзаконьваць беларускамоўную версію законаў.

РР: Таварыства беларускай мовы гэтага даўно дабівалася?

Алена Анісім: Так, і я ў парламенце пастаянна гэтае пытанне падымала. Але экспертны савет быў створаны пасля “Вялікай размовы”. Дарэчы, савет павінен быў сабрацца ў верасні, але зараз вырашылі правесці яго раней. Так што працэс пайшоў.

РР: Усе законы будуць перакладзены на беларускую мову?

Алена Анісім: Справа ў тым, што, наколькі мне вядома, законапраекты ўжо ёсць у перакладзеным выглядзе, але яны, так бы мовіць, неафіцыйныя. Напрыклад, у судзе такім перакладам карыстацца нельга. А мы хочам, каб усе дакументы былі належным чынам адрэдагаваны і мелі статус роўны з рускамоўнымі законамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя