Алена Анісім прыняла рашэнне ізноў балатавацца ў парламент



Старшыня Таварыства беларускай мовы і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім распавяла, чаму вырашыла ізноў пазмагацца за дэпутацкі мандат.

Парламенцкія выбары пройдуць у лістападзе гэтага года, пры гэтым скароцяць тэрмін паўнамоцтваў парламента аж на 10 месяцаў.

“Ну што рабіць, так склалася”, – пракаментавала tut.by гэты казуc старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Алена Анісім: Той факт, што выбары будуць праведзены датэрмінова, безумоўна, не парадаваў, бо дзесяць месяцаў працы выпадаюць. Але з іншага боку, можна ўступаць у новую выбарчую парламенцкую кампанію і ізноў пазмагацца за мандат, каб выканаць тыя задачы, якія стаяць перада мной, як перад старшынёй ТБМ.

РР: Вы ўжо на 100 адсоткаў прынялі рашэнне, што будзеце ізноў балатавацца ў парламент?

Алена Анісім: Так, я буду вылучаць сваю кандыдатуру ў той акрузе, дзе балатавалася і раней. Людзі мяне ведаюць па маёй працы, мне перад імі не сморамна. Акрамя таго, як старшыня Таварыства беларускай мовы, буду рэкамендаваць многім нашым прадстаўнікам таксама прыняць удзел у гэтай выбарчай кампаніі, каб стварыць пэўнае лобі для вырашэння не толькі мясцовых праблем, але і праблем дзяржаўнага ўзроўню. У тым ліку, што датычна беларускай мовы.

РР: Думаеце, што ў вас ёсць шанц другі раз запар атрымаць дэпутацкі мандат?

Алена Анісім: Складана пакуль сказаць, бо я ж не ведаю, хто будзе маімі канкурэнтамі. Мяркую, што палова поспеху ў мяне ўжо ёсць, а на 80 адсоткаў замахвацца не буду.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя