Алена Анісім: Уладу трэба падштурхнуць да большага выкарыстання беларускай мовы



Беларусам трэба падштурхнуць уладу да таго, каб яна пачала рабіць практычныя дзеянні па пашырэнні сферы ўжытку нацыянальнай мовы. Такое меркаванне выказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў, першы намеснік старшыні „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алена Анісім, выступаючы 25 мая ў Мінску на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі „Мова як фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: беларуска-ўкраінскі кантэкст”.

Канферэнцыя была арганізаваная з ініцыятывы пасольства Украіны ў Беларусі пры садзейнічанні Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Нацыянальнай бібліятэкі.

Паводле слоў Анісім, існуюць два меркаванні наконт ролі мовы ў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. Адны лічаць, што беларуская мова з’яўляецца вызначальным фактарам нацыянальнай прыналежнасці, іншыя прытрымліваюцца думкі, што ў гэтым пытанні мова не мае ключавога значэння і з’яўляецца толькі адным з фактараў.

„Прыхільнікі другой думкі ў якасці аргументаў прыводзяць прыклады Швейцарыі і іншых краін, дзе існуе не адна, а некалькі дзяржаўных моў, — адзначыла дэпутат. — Але ў нас даволі неардынарная моўная сітуацыя. З аднаго боку, ёсць дастаткова распрацаваная літаратурная мова, якая існуе шмат стагоддзяў, мае статус дзяржаўнай, можа выкарыстоўвацца ў розных сферах грамадскага жыцця. З іншага боку, яна практычна не ўжываецца ў структурах улады, надзвычай абмежавана выкарыстоўваецца ў тэле- і радыёпрасторы, выцясняецца з сферы адукацыі”.

„Нягледзячы на канстытуцыйнае права карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай без абмежаванняў, на практыцы ажыццявіць гэтае права досыць складана, а ў некаторых выпадках — немагчыма”, — падкрэсліла Анісім.

У апошнія гады, адзначыла яна, грамадства пачало рэагаваць на такія трывожныя працэсы павышанай цікавасцю да нацыянальнай мовы, чаму сведчанне — з’яўленне шматлікіх бясплатных моўных курсаў. Для слухачоў гэтых курсаў „пытанне нацыянальнага самавызначэння наўпрост звязанае з беларускай мовай”. Многія з іх носяць вышыванкі і „абазначаюць сябе нацыянальнай сімволікай — бел-чырвона-белым спалучэннем колераў і гербам „Пагоня”, такім чынам „пазіцыянуючы сябе носьбітамі беларускай культуры”.

Дэпутат звярнула ўвагу на тое, што такія працэсы ў беларускім грамадстве сталі больш актыўна праяўляцца „пасля вядомых падзей ва Украіне — анексіі Крыма і падзей у Данецкай і Луганскай абласцях”.

„Калі ва ўсім свеце назіраецца актуалізацыя пытанняў дзяржаўнасці, мова становіцца адным з галоўных фактараў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і ўстойлівасці дзяржавы, — сказала яна. — У нас шмат што прынятае на дзяржаўным узроўні [для развіцця мовы тытульнай нацыі], многае напрацаванае ў грамадстве, таму нам, беларусам, сёння важна кансалідаваць свае дзеянні і падштурхнуць органы ўлады да таго, каб яны перайшлі ад дэкларатыўных заяў да практычных дзеянняў па пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы”.

„Толькі ў гэтым выпадку наша краіна зможа пазіцыянаваць сябе як выдатны самастойны дзяржаўны суб’ект міжнароднай супольнасці”, — падагульніла Анісім.

belapan.by