Алена Анісім: Законы павінны прымацца на дзвюх дзяржаўных мовах



Папраўку пра абавязковае выкарыстанне дзвюх дзяржаўных моваў у Закон аб нарматыўна-прававых актах прапануе ўнесці дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алена Анісім:

– Закон „Аб нарматыўных прававых актах” падрыхтаваны да другога чытання. Але я даведалася, што гэта будзе не проста змены, а новая рэдакцыя, то паспрабавала зрабіць версію на дзяржаўнай беларускай мове. Гэты закон “Аб нарматыўных прававых актах”, як кажуць юрысты, другі па значасці пасля Канстытуцыі. Ніхто не замінае ўнесці на разгляд Палаты прадстаўнікоў дзве версіі закона: адзін – на дзяржаўнай беларускай мове, другі – на дзяржаўнай рускай мове. І галасаваць адным махам за два тэксты.

Калі папраўка будзе прынятая, гэта можа стаць штуршком да выкарыстання беларускай мовы ў беларускім заканадаўстве, – кажа Алена Анісім:

– Гэта будзе прэцэдэнт, калі ўсё ж такі пасля звыш 20 гадоў пачнем выконваць Канстытуцыю і рабіць заканадаўства на беларускай мове. Колькі б мы не казалі, што нейкія асобныя законы прымаюцца толькі на беларускай мове, кодэкс аб культуры толькі на беларускай мове, але ж астатнія нарматыўныя акты прымаюцца большай часткай на рускай мове. Людзі сутыкаюцца з праблемай – не могуць апеляваць да закона на беларускай мове, таму што ён не мае юрыдычнай сілы.

Алены Анісім адзначае, што нават яе прысутнасць змяніла стаўленне да беларускай мовы ў Палаце прадстаўнікоў. Мовай таксама карыстаецца старшыня парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы  Ігар Марзалюк. На апошнім пасяджэнні, нягледзячы на тое, што разглядаўся расейскамоўны законапраект, даклад і пытанні дэпутатаў гучалі па-беларуску. “Усё гэта сведчыць, што Палата прадстаўнікоў у поўным аб’ёме можа працаваць на беларускай мове”, – кажа дэпутат.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя