Алена Лапцёнак: У Беларусі закратавалі ўсю краіну



Актыўныя беларусы і за мяжой працягваюць займацца грамадскай дзейнасцю. Сярод іх – наша сённяшняя госця, якая вымушана пакінула Радзіму, а цяпер, сярод іншага, дапамагае  ўцекачам з Украіны.

РР: Ужо пэўны час Вы знаходзіцеся па-за Беларуссю не па сваім уласным жаданні. Як Вашыя справы і настрой?

Алена Лапцёнак: Нягледзячы на тое, што фізічна я знаходжуся па-за Беларуссю, безумоўна, знаходжуся ў беларускім кантэксце. Працягваюцца рэпрэсіі ў краіне. Які тут можа быць добры настрой?

РР: Вы асабіста далучыліся да справы дапамогі ўкраінскім уцекачам у Польшчы, якая вельмі шчыра іх прыняла. Раскажыце пра вашую валанцёрскую дзейнасць.

Алена Лапцёнак: Я апынулася ў Кракаве. Гэта горад недалёка ад мяжы, і туды ехалі цягнікі з уцекачамі. Іх было вельмі шмат. Польшча вельмі шчыра падключылася да дапамогі. Спатрэбіўся пэўны час для ўладаў, каб яны наладзілі гэтую працу. І таму валанцёрскія ініцыятывы вельмі спатрэбіліся. Зараз ідзе больш сур’ёзная праца, але існуе і валанцёрскі пункт, які ўзнік пры дапамозе беларусаў. Там шмат беларусаў валанцёрыць, проста ўжо няма такой колькасці бежанцаў. Едуць людзі траўмаваныя і псіхалагічны стан у іх не вельмі просты. Тут мусяць быць спецыялісты.

РР: За час, калі Вы дапамагалі ўцекачам з Украіны, ці было негатыўнае стаўленне да таго, што Вы – беларуска?

Алена Лапцёнак: Не, я не сутыкалася. Адзіны момант такі быў малапрыемны ад валанцёркі. Гэта былі не негатыўныя выказванні супраць мяне, а пра тое, што вось, мы, беларусы, не змаглі. Што беларусы такія нямоглыя. А вось мы, украінцы, нам пад сілу тое і тое.  Я не стала спрачацца, бо гэта бессэнсоўна. Калі чалавек мае такія перакананні, які сэнс яму нешта даказваць?

РР: Або даказваць, што мы мала ці слаба пратэставалі?

Алена Лапцёнак: Па-першае, два гады прайшло, а ў нас не заканчваюцца рэпрэсіі. Калі, напрыклад, затрымалі Аксану Колб, – чалавека, з якім я сябрую, і якая заставалася да апошняга ў Беларусі. Ты перажываеш за кожнага знаёмага чалавека, які застаецца. Разумееш, што ўсе, хто хоць крышку займаўся незалежнай журналістыкай, грамадскай дзейнасцю, усе ў небяспецы. Усе ў групе рызыкі. Навіны проста страшна чытаць.  Многія ўкраінцы проста не ведаюць сітуацыі. І ім здаецца, што людзі выйшлі на пратэсты і змірыліся. А ў нас закратавалі ўсю краіну! Сітуацыя з палітвязнямі, каго прызнаваць, каго – не. Але мы ведаем, што сядзіць нашмат больш. Некаторыя самі не хочуць даваць інфармацыю, бо ім здаецца, што тады ім прасцей будзе сядзецца. Расце колькасць тых, хто прайшоў праз крыміналку і працягвае праходзіць, і тое, што зараз адбываецца ў штрафных ізалятарах – давешванне новых крыміналак на людзей, альбо перавод у турму з “хіміі”. Гэта ўсё страшна! Пра гэта трэба казаць, нагадваць міжнароднай супольнасці, каб яны працягвалі змагацца і за Беларусь.

У Беларусі праваабаронца Алена Лапцёнак знаходзіцца пад крымінальным пераследам.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Новы Час

[manual_related_posts]