Алена Талстая: адзінае выйсце – гэта выстаяць і не аддаць гэтую зямлю варварам



Вайна ва Украіне, развязаная Пуціным, – гэта адна з найбольш трагічных падзеяў у 21 стагоддзі. Увага ўсяго цывілізаванага свету прыкавана да Украіны, якая змагаецца за нашу і вашу свабоду. Пра тое, што адбываецца ва ўкраінскім горадзе Ірпень і побач, мы пагаворым з госцяй Радыё Рацыя беларускай Аленай Талстой:

РР: У якім месцы Вы зараз знаходзіцеся?

– Хачу пачаць нашую размову з дэвізу, які гучыць зараз па ўсім свеце – Слава Украіне! І Жыве Беларусь! Зараз я знаходжуся пад Кіевам, у Ірпені. Гэта першая лінія абароны Кіева. Тут абарона праходзіла і ў 1941 годзе, зараз праз яе трывае націск і наступ расейскіх войскаў, якія праз беларускую мяжу ідуць з заходне-паўночнага напрамку на Кіеў. І бачыць на свае вочы, як мясцовыя хлопцы з тэрытарыяльнай абароны мужна змагаюцца, як адстойваюць сваю зямлю, сваё месца, гэта канешне і трагічная рэч, але ў той жа самы час вельмі натхняючая, бачу як тут адбываецца гісторыя.

Я вельмі ўражана мясцовай адміністрацыяй, пачынаючы ад мэра, і ўсёй рэштай адміністрацыі. Яны ўсе трымаюцца разам, і ўвесь час інфармуюць грамаду, што адбываецца, папярэджваюць, натхняюць. Гэта сапраўды тыя людзі, якія нясуць адказнасць за сваё месца, свой горад. Вельмі вялікая розніца з тымі людзьмі, якія стаўленікі Лукашэнкі ў Беларусі. Тут баі ідуць вельмі горача, уначы таксама. Ідуць баі за Гастомель, аэрапорт Антонаў, завод Антонаў. Гэтае змаганне за Гастомель, за аэрапорт, за месца высадкі для расейскіх войскаў трывае ўвесь час. Навакольныя паселішчы ў вельмі цяжкім стане, таму што разам з людзьмі у «цельняшках» з ВДВ ідуць кадыраўцы. Яны проста растрэльваюць тыя дамы, якія знаходзяцца ўздоўж так званай варшаўскай трасы, высяляюць мясцовых жыхароў, рабуюць.

Раз я была раніцай у краме, тут іх няшмат працуе, але яны працуюць, вялікая чарга, людзі дзеляцца інфармацыяй, прыходзяць здалёк. Яны казалі пра тое, што гэтымі кадыраўцамі разрабавана Брадзянка. Але ідзе зачыстка вуліц, вылаўліваюць гэтых злачынцаў, бяруць да няволі, расстрэльваюць. Вялікая калона, больш 200 адзінак вайсковай тэхнікі напярэдні была проста знішчана разам з тымі, хто прыйшоў сюды, на украінскую зямлю. Таму украінскія узброеныя сілы змагаюцца. Тэрытарыяльная абарона – гэта проста людзі, якім далі каскі, бронекамізэлькі, і тое, што было з зброі пад рукой. Яны настолькі моцна змагаюцца, што толькі пашана і павага для іх ад усіх людзей. Калі людзі сустракаюць іх на вуліцы, яны проста крычаць – «дзякуй вам!». І ўсё, што натхняе мясцовых жыхароў, гэта ўсведамленне таго, што яны на сваёй зямлі, і гэтую зямлю, якую яны з такой любоўю адбудоўвалі, упрыгожвалі, гэтае мястэчка апошнія гады настолькі упрыгожана, настолькі чысціня, парадак: пляцоўкі, веласцежкі руйнуецца на іх вачах, то канешне вялікае гора і боль для украінскай зямлі. Але і адзінае выйсце – гэта выстаяць і не аддаць гэтую зямлю варварам, якія руйнуюць усё навокал сябе.

РР: Я бачыла відэа з Ірпеня: на дарозе ляжаць разбітыя машыны, вайсковая расейская тэхніка. Мужчына гаворыць, што гэта пабілі кадыраўцаў. Бачныя руіны некалі прыгожых дамоў, карціна проста страшная, але быць там яшчэ страшней. Чаму Вы не выехалі па гуманітарным калідоры разам з беларусамі якія прыехалі ў Польшчу з Украіны?

– Ва Украіне я апынулася не таму, што сюды бегла, Я прыехала абсалютна свядома, каб быць крыніцай інфармацыі пра тое, што адбывацца ў Беларусі. На жаль, у жніўні 2020 году, калі беларусы паўсталі за свае правы і свабоды, і за незалежнасць сваёй краіны, тут ва Украіне вельмі кепска ўсведамлялі, што наогул адбываецца. Рэйтынг Лукашэнкі тут быў высокі. Менавіта тут я чула, што Лукашэнка аказваецца „Бацька”, чаго я ніколі не чула ў Беларусі. Таму казаць пра неабходнасць падтрымкі беларусаў, падтрымкі нашай барацьбы для мяне было вельмі важная. На сённяшні момант гэтая задача яшчэ больш важная. Таму што я бачу гібрыдную вайну, распачатую інфармацыйную кампанію супраць Беларусі, што Беларусь – вораг Украіны, што беларускае войска ідзе сюды ва Украіну, што беларусаў тут трэба забіваць. І для мяне вельмі важна сказаць, што вораг у нас адзін – гэта пуцінская Расея. Што беларусы сёння таксама знаходзяцца пад акупацый. Мы бачылі і ў дзень рэферэндуму, і дзень пазней праводзіліся зачысткі і затрыманні. Я на сувязі з Менскам, я ведаю, што там вельмі багата нейкіх вайсковых машын – не толькі аўтазакі, а стаяць вайсковыя машыны з вайскоўцамі ўнутры.

Слухайце размову цалкам у далучаным файле:

З Аленай Талстой размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя