Алесь Бяляцкі: Улада будзе выкарыстоўваць дэмакратычных „дэпутатак”



Упершыню за многія гады два прадстаўнікі апазіцыі трапілі ў беларускі парламент. Гэта Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды Алена Анісім ад Таварыста беларускай мовы. У старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага гэтая навіна не выклікае аніякіх эмоцый:

– Гэта сцэнар, які выходзіць не з рэальных сімпатый ці антыпатый выбаршчыкаў. Гэты сцэнар напісаны Адміністрацыяй прэзідэнта. Гэтыя “дэпутаткі” – таму што назваць іх дэпутатамі ў мяне ўсё ж такі язык не паварочваецца, хоць я іх і паважаю як асоб, –  на жаль,  апынуліся ў ролі тых асобаў, якія ўлады будць выкарыстоўваць у сваіх мэтах.

На думку праваабаронцы, беларускія ўлады загадзя планавалі пэўны люфт для гэткай фасаднай дэмакратыі. Тым не менш, наўрад ці мінулыя выбары ў Беларусі будуць прызнаныя Еўропай як адкрытыя і празрыстыя:

– Думаю, што ацэнка гэтых выбараў будзе негатыўнай, але не крытычна негатыўнай. Гэта фактычна тое, чаго дабіваецца ўлада – нягледзячы на негатыўную ацэнку выбараў, тым не менш адчыніць гэты парламент на еўрапейскія структуры. І тут жа ізноў гэтыя дэмакратычныя “дэпутаткі”, я думаю, будуць актыўна выкарыстоўвацца ў мэтах легітымізацыі гэтага нелегітымнага парламенту.

Падобная карціна ад выбараў да выбараў назіраецца і ў Азербайджане – заўважае Бяляцкі. Апазіцыйныя партыі ў парламенце прадстаўляюць не лідары, а трэція асобы, які не маюць сур’ёзнай вагі, а з’яўляюцца толькі дэкаратыўным аздабленнем аўтарытарнай ўлады.

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя