Алесь Бяляцкі: „Справа патрыётаў” – сігнал усяму беларускаму грамадству



Праваабарончы цэнтр „Вясна” працягвае сачыць за развіццём справы патрыётаў. Нагадаем, што ў сакавіку па абвінавачванні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў былі затрыманы 32 чалавекі. Зараз з ізалятараў вызвалены 16 з іх. З некаторых, напрыклад, з кіраўніка клубу „Патрыёт” Міколы  Міхалькова і яго сына Яна абвінавачванні знятыя. Але адначасова з’явілася інфармацыя і аб катаваннях некаторых затрыманых. 

Кіраўнік Праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі з гэтай нагоды звярнуўся да Генеральнага пракурора Беларусі:

– Чакаем адказу на гэты ліст. Я асцерагаюся, што адказ можа быць вельмі фармальны. Думаю, што калі б з такім запытам звярнуліся сваякі і адвакаты, якія прадстаўляюць зняволеных, тут ужо пракуратура мусіла б адказваць па сутнасці. Але адна з нашых задач – папярэдзіць беларускія ўлады, праваахоўныя органы, КДБ, што гэтая справа знаходзіцца пад пільным кантролем праваабаронцаў. Мы вельмі ўважліва сочым за ўсёй інфармацыяй, якая датычыцца зняволеных. І па-другое, гэтая справа турбуе ўсё беларукае грамадства. Таму мы будзем рэагаваць на любую інфармацыю, якая сыходзіць з-за кратаў ад зняволеных. І калі сапраўды з’явяцца нейкія факты, якія будуць сведчыць пра парушэнні іхных правоў, то будзем гучна казаць пра гэта і патрабаваць абароны правоў і ўсё тое, на што яны могуць разлічваць пры зняволенні – гэта на адвакацкую дапамогу і чалавечае абыходжанне.  І сачыць,  каб гэтыя нормы былі выкананыя.

РР: Як па вашых меркаваннях, будзе развівацца гэтая справа? Бо спачатку пасля затрымання ў сакавіку з’явілася думка, што гэта ўдар уладаў напярэдадні магчымых масавых пратэстаў. Пратэсты скончыліся. Відавочна, што не будзе іх улетку, а справа працягваецца.

Алесь Бяляцкі: Справа працягваецца. І відавочна, што яна будзе цягнуцца яшчэ некалькі месяцаў. Калі адбудзецца суд, цяжка сказаць, таму што фактычна ўсім затрыманым працягнулі тэрмін утрымання. Таму дзесьці да паўгода будзе ісці даследаванне і гэты следчы працэс. На жаль, людзі знаходзяцца ў зняволенні, хоць на добры лад яны маглі б знаходзіцца і дома. Ёсць іншыя формы ўтрымання. Тут яўны сігнал для ўсяго беларускага грамадства, што любая грамадская актыўнасць, непадкантрольная гэтай дзяржаве, можа знаходзіцца пад пільным наглядам, прэсінгам уладаў.

РР: Ёсць звесткі, што некаторыя затрыманыя даюць нейкія сведчанні на іншых затрыманых. Але калі пацвердзіцца інфармацыя пра катаванні, наколькі суд можа давяраць такім звесткам?

Алесь Бяляцкі: Спадзяемся, што суд будзе адкрытым, і мы будзем вельмі ўважліва аналізаваць усю інфармацыю, якая будзе агучана як зняволенымі, такі і іншым бокам.

І на падставе гэтага зробім высновы, наколькі ўсё гэта  адпавядае аб’ектыўнаму незалежнаму судоваму разбіральніцтву, – сказаў Алесь Бяляцкі.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя.