Алесь Бяляцкі: Здрада беларускай дэмакратыі



Здрада беларускай дэмакратыі – так праваабаронца Алесь Бяляцкі адрэагаваў на інфармацыю, што фінансаванне незалежнага тэлеканала „Белсат” можа быць скарочана.

Уплывовы польскі партал wPolityce, блізкі да сённяшняй кіроўнай партыі ў Польшчы, паведаміў, што прынятае рашэнне пра скарачэнне фінансавання „Белсату” на 2017 год на 2/3. Рэсурс спасылаецца на неафіцыйныя крыніцы.

„Такое скарачэнне можа азначаць ліквідацыю незалежнага тэлеканала. Што для беларускай грамадзянскай супольнасці таксама прынясе страты,” – кажа старшыня праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі.

– Трэба сказаць, што ў гэтым годзе палітыка польскага ўрада стала значана больш лаяльнай і памяркоўнай да беларускага рэжыму. Шэраг візітаў, якія адбываліся ў гэтым годзе, з’яўляюцца пацверджаннем гэтага, і ў прынцыпе мы нічога не маем супраць гэтых кантактаў, калі б яны не з’яўляліся ўскоснай ці прамой прычынай скарачэння беларускіх праграмаў падтрымкі беларускай дэмакратычнай апазіцыі, моладзі, незалежных СМІ, якія працуюць з Польшчы на Беларусь, якія працуюць у Беларусі. Больш таго, каб дабівацца легалізацыі журналістаў „Белсата” і Беларускага Радыё Рацыя ў Беларусі, атрымліваецца, што ўрад Беларусі проста скасоўвае і зачыняе гэтыя СМІ, якія насамрэч з’яўляюцца больш чым звычайныя сродкі масавай інфармацыі.

Бо фактычна і „Белсат”, і Радыё Рацыя з’яўляюцца пэўным гарантам аб’ектыўнасці, незалежнасці і дэмакратычнасці беларускага слова. Гэта ўнікальная магчымасць вяшчання і працы з-за мяжы і ў той жа час у самой Беларусі. Яно дае магчымасць трымаць планку нецэнзураванага беларускага слова на высокім роўні. Што будзе пасля скасавання гэтых незалежных СМІ ў самой Беларусі, цяжка сказаць. Мы ведаем, што курс гэтага ўрада непрадказальны і сённяшняя замарожаная сітуацыя можа ў любы момант абярнуцца чарговай хваляй рэпрэсій супраць незалежных журналістаў, якія працуюць у Беларусі.

Мы выказвалі гэтыя хваляванні падчас сустрэчаў і ў Варшаве, і ў Менску з чыноўнікамі МЗС і чыноўнікамі іншага роўню, але тым не менш, мы бачым, што адбываецца абмежаванне падтрымкі, якая насамрэч была вельмі важнай для беларускага незалежнага грамадства.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.