Алесь Лагвінец: Дзяржаўнага фінансавання для апазіцыйных партый не будзе



Грамадскі актывіст Алесь Лагвінец распавядае пра тое, ці прымуць улады прапанову апазіцыі.

Міністэрства юстыцыі рыхтуе законапраект аб зменах у заканадаўства аб палітычных партыях і грамадскіх арганізацыях. Некаторыя прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці прапануюць, каб зарэгістраваныя партыі і грамадскія аб’яднанні фінансаваліся з дзяржаўнага бюджэта.

Алесь Лагвінец: Гэта слушная прапанова. Дзяржава павінна падтрымліваць наяўныя партыі і грамадскія аб’яднанні, такая практыка маецца шмат у якіх краінах. Там фінансаванне партый залежыць ад вынікаў на выбарах.

Калі ёсць дзяржаўнае фінансавнне, то партыі становяцца больш самадастатковымі. Можна таксама даць і грамадскім арганізацыям розныя ільготы, што было раней адабрана. Ільготы ёсць толькі для лаяльных да ўлады арганізцый.

РР: Думаеце, улады могуць зацвердзіць такую норму з фінансаваннем?

Алесь Лагвінец: Мяркую, у сёняшніх варунках улада на такі крок не пойдзе, дзяржаўнага фінансавання для апазіцыйных партый не будзе. Гэта пытанне для абмеркавання ў дэмакратычнай Беларусі, а не з сёняшняй уладай. Нават, калі яны і пойдуць на гэта, то спачатку пазачыняюць усе радыкальныя апазіцыйныя партыі і аб’яднанні. Для іх гэта не складае цяжкасцей.

І паколькі на такі рэзкі крок не пойдуць, бо трэба працягваць дыялог з Захадам, то не пойдуць і на тое, каб фінансаваць сваіх апанентаў. Хаця відавочна, што гэта не дзяржава будзе фінансаваць партыі, а падаткаплацельшчыкі, якія такім чынам падтрымаюць развіццё ў краіне партыйнай сістэмы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя