Алесь Лагвінец: Трэба не казаць, а рабіць



Беларусь хоча заключыць з ЕЗ новае пагадненне для развіцця стасункаў. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

«Мы павінны дамагчыся таго, каб пачаць выбудоўваць дачыненні з Еўразвязам у будучыні на аснове новага дакумента паміж Беларуссю і ЕЗ. Сёння мы развіваем нашу супрацу на аснове тых пагадненняў, якія былі заключаны паміж СССР і Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю», – патлумачыў Макей.

Алесь Лагвінец: Вельмі цешыць, што ў галовы беларускіх чыноўнікаў нарэшце прыйшла думка, што з ЕЗ неабходна новае пагадненне, бо пра гэта даўным-даўно ведалі ўсе. І віна ў тым, што да гэтага часу няма пагаднення паміж незалежнай Беларуссю і Еўразвязам, ляжыць выключна на беларускай уладзе. Менавіта з-за непавагі да правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў пагадненне, якое падпісалі ў 1995 годзе, не было ратыфікавана. Зараз ізноў жа беларускія ўлады, наколькі мне вядома, тармозяць і працэс увядзення спрошчанага візавага рэжыму. Не падпісана і пагадненне, якое ўлады меліся падпісаць паводле Дэкларацыі аб “Усходнім партнёрстве”, – дамова пра асацыяцыю з Еўразвязам. Адным словам, казаць правільныя рэчы нашы чыноўнікі нібыта навучыліся. Але пытанне ў тым: ці здольныя яны гэтыя рэчы выконваць?

лагвинец

РР: Чаму беларускі бок цягне гуму з падпісаннем гэтых пагадненняў?

Алесь Лагвінец: Таму што ў Еўразвязе – прававыя дзяржавы. Калі яны нешта падпісваюць, то выконваюць узятыя на сябе абязальніцтвы. І беларускія ўлады цудоўна разумеюць, што, калі яны пачнуць выконваць еўрапейскія нормы, то гэта можа пахіснуць іх рэжым і кантроль над беларускім грамадствам. А еўрапейская інтэграцыя якраз прадугледжвае шырокую гаразынтальную супрацу. І ёсць шанец, што большая колькасць беларусаў зразумее, што гэтая ўлада – не еўрапейская. Яна цягне Беларусь назад.

РР: Такая любоў да “еўрапейскіх каштоўнасцяў” з’явілася з-за неабходнасці атрымання еўрапейскага крэдыту?

Алесь Лагвінец: Беларусь зараз мае патрэбу ў Еўразвязе, бо гульня толькі па расейскіх правілах – даволі небяспечная. Таму беларускія чыноўнікі і кажуць нібыта цалкам правільныя рэчы. Але, паўтаруся, паміж “казаць” і “рабіць” – велізарная дыстанцыя, якую беларускія ўлады, хутчэй за ўсё, не здольныя прайсці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org

[manual_related_posts]
  • Anonim

    „Беларусь зараз мае патрэбу ў Еўрасаюзе, бо гульня толькі па расійскіх правілах — даволі небяспечная.” Па-мойму, гэтая альтэрнатыва падманлівая, ёсць і іншыя кірункі, апрача РФ ды ЕС. Але, магчыма, рэдактару „знішчанай” кнігі, пра якую напісана тут: belisrael.info/?p=5661 , відаць лепей…

Комментарии для сайта Cackle