Алесь Смалянчук падтрымаў Святлану Ціханоўскую



Гарадзенскі гісторык, прафесар Алесь Смалянчук патрымаў пастом у Facebook кандыдатку ў прэзідэнты Беларусі Святлану Ціханоўскую.

На думку гісторыка, падобнай падтрымкі альтэрнатыўнага кандыдата, як сёлета, не было ніколі:

– Фактычна ўпершыню, за ўсе гэтыя гады, выбары з 1994 года, бачу даволі моцны пратэстны рух у Беларусі. Лічу патрэбным падтрымаць гэты рух і спадзяюся, што яго падтрымае старая беларуская апазіцыя, якая далучыцца да яго і надасць яму больш беларускія рысы.

Гісторык аднак упэўнены, што перамогу на сёлетніх выбарах атрымае Аляксандр Лукашэнка:

– Здаецца прагучала лічба 76% – колькі набярэ Лукашэнка, ужо ўсё прагучала. Ёсць шанец, што гэта пачатак канца эпохі Лукашэнкі ў пэўным сэнсе. Такога пратэстнага руху яшчэ не было, мяне насцярожвае тое, што прынамсі частка беларускай інтэлігенцыі неяк староніцца ад усяго гэтага. Ёсць апасенні, што гэта нейкая расейская інтрыга. Я не ведаю, якая можа быць расейская інтрыга ў гэтай сітуацыі. Для мяне проста відавочна, што калі з’яўляецца нейкая новая палітычная сіла, даволі ўплывовая, судзячы па той падтрымцы, якую аказваюць Ціханоўскай і іншым, хто сядзіць у турме. Да гэтай палітычнай сілы варта далучыцца.

На яго думку, існавалі гістарычныя асобы, якія кідалі персанальны выклік сістэме, як сёлета гэта зрабіла Святлана Ціханоўская.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча