Алесь Талстыка: Спадзяюся на перамогу



Кандыдат на пасаду старшыні Партыі БНФ Алесь Талстыка распавядае пра сваю праграму і жаданне “ўзмацніць партыю”.

Нагадаем, на “крэсла” старшыні Партыі БНФ, які павінен быць абраны на з’ездзе 30 верасня, прэтэндуюць ужо пяць кандыдатаў. Сярод іх – прадпрымальнік Алесь Талстыка.

Алесь Талстыка:  Вакол партыі былі не зусім празрыстыя сітуацыі, і мы разам са сваёй камандай назіралі, хто будзе вылучацца кандыдатамі на пасаду старшыні. Убачыўшы заявы ад Іллі Дабратвора, Вольгі Дамаскінай, вырашыў, што і мне трэба балатавацца. Я не меў вялікага жадання спыняць сваю палітычную кар’еру, таму ўдзел у гэтых выбарах, можна сказаць, працяг майго ўдзелу ў парламенцкай кампаніі. Асноўныя праграмныя моманты застаюцца тыя ж самыя. Незалежнасць краіны, выхад з розных вайсковых і эканамічных саюзаў ды ўзмацненне кантролю на мяжы з Расеяй, бо адтуль у нашу краіну ідзе шмат наркотыкаў. Мяркую, што Партыя БНФ павінна адстойваць гэта і кожны раз пра гэта казаць. Партыі трэба ўзмацняцца.

РР: На пасаду старшыні прэтэндуюць пяць кандыдатаў. Вы верыце ў сваю перамогу?

Алесь Талстыка: А чаму б і не? На мой погляд, галоўным маім канкурэнтам будзе дзеючы намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, і я нават не буду крыўдаваць, калі ён пераможа. Гэта, дарэчы, адзіны чалавек з партыі, які прыехаў здалёк падтрымаць нашы пікеты падчас парламенцкай кампаніі. Гэта гаспадар з вопытам, які сэрцам адчувае незалежнасць Беларусі. Але я ўсё-такі спадзяюся на ўласную перамогу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя