Алесь Зарэмбюк: Злучаныя Штаты падтрымліваюць імкненне беларусаў да незалежнасці і свабоды



Госць Радыё Рацыя – кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. З ім паразмаўляў Міхась Андрасюк.

РР: Джулі Фішэр, амасадарка ЗША, наведала ўчора Беларускі дом у Варшаве.

Алесь Зарэмбюк: Так, спадарыня амбасадар наведала Беларускі дом у Варшаве.

Гэта ўжо не першы яе візіт да нас. Але у гэтым годзе яна першы раз завітала. Мы паразмаўлялі пра далейшыя супольныя намаганні розных ініцыятываў грамадзянскай супольнасці, як унутры Беларусі, так і ў замежжы – у Беластоку, Варшаве, Вільні, у іншых еўрапейскіх краінах, у тым ліку за акіянам. А таксама пра тое, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць незалежнасць Беларусі, падтрымліваюць усе тыя актыўнасці, якія скіраваныя на папулярызацыю беларускай тоеснасці, на папулярызацыю беларускай мовы, на ўзмацненне нацыянальнай самасвядомасці, таму што гэтыя праблемы былі ў нас і да 2020 года, і яшчэ больш яны абвастрыліся зараз, пасля чарговага ўварвання пуцінскай імперыі на тэрыторыю Украіны і працягу пуцінскай вайны супраць Украіны. Мы тут усім нашым рэгіёнам – і палякі, і краіны Балтыі, і ўкраінцы, і беларусы, нягледзячы на незаконныя дзеянні дыктатара Лукашэнкі, павінны працаваць супольна, каардынуючы свае дзеянні, і ўсведамляючы разуменне таго, што вораг у нас адзін праз векі. І памятаючы тое, што сказаў светлай памяці прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі ў Грузіі ў 2008 годзе, што сёння гэта Грузія, заўтра Украіна, пасля балтыйскія краіны, а пасля можа быць і Польшча. Але наступнай можа быць Беларусь і мы чуем розныя навіны пра тое, што можа быць рэфэрэндум, пра тое, што прыязджаюць нейкія дыверсійныя групы ў Беларусь. І ніхто з нас не ведае, што адбудзецца ў нашай краіне заўтра. А для ўсіх нас самае важнае і самае галоўнае – гэта незалежнасць нашай Радзімы.

РР: Злучаныя Штаты, як кажаце, падтрымліваюць, але ў чым можа выяўляцца гэтая падтрымка? Ці ёсць нейкая канкрэтыка?

Алесь Зарэмбюк: Злучаныя Штаты сапраўды падтрымліваюць. Ёсць шэраг праграм, новых праграм, якія ўзніклі пасля 2020 года. Палітыка Злучаных Штатаў каардынальна змянілася яшчэ ў лютым 2020 года калі мы назіралі візіт дзяржаўнага сакратара Пампео ў Менск. ЗША актыўна працуюць і на міжнародным узроўні, і праз канкрэтныя праграмы фінансавання грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя, праз фінансаванне лакальных ініцыятываў, каб, па-першае, бараніць і захаваць беларускую незалежнасць і беларускае грамадства. А нашая супольная задача – вызваліць краіну і правесці дэмакратычныя парламенцкія выбары, без ніякіх прэзідэнтаў, Беларусі не патрэбны прэзідэнт, нам патрэбны моцны парламент і патрэбны свабодныя выбары ў беларускі парламент.

Цалкам размова:

Размаўляў Міхась Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]