Аляксандр Кабанаў: Фармаванне камісій нагадвае цырк



На пасяджэнні Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта сфармавана 41 ўчастковая выбарчая камісія. Склад участковых выбарчых камісій у асноўным з прадстаўнікоў раённых арганізацый – праўладных грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь», «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «Беларускі саюз жанчын» і г.д. З накіраваных ад партыі БНФ чатырох чалавек уключылі  трох.

На выбарчым участку, дзе збіраецца балатавацца прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Кабанаў, прадстаўніцу апазіцыі не ўключылі ва ўчастковую выбарчую камісію, кажа Аляксандр Кабанаў:

– Занадта дружна ўсе галасавалі “за” і “супраць”. Не задалі ніводнага пытання. Не ведаю, ці ёсць у  іх сорам і сумленне! Я паглядзеў на абсалютна “дрэсіраваных конікаў”. Мне спадабалася, як яны дружна выконваюць каманды. Сядзіць старшыня райвыканкама, усе астатнія – гэта ягоныя непасрэдныя падначаленыя. І яны наўпрост глядзяць яму ў рот.

Паводле адной з назіральніц, у склад камісіі №11, створанай з медычных работнікаў, уключылі  намесніка галоўнага ўрача Бярозаўскай раённай бальніцы Вячаслава Саковіча. Хаця ў 2016 годзе падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў быў адказ з акруговай камісіі аб прызнанні парушэнняў з боку Саковіча і абяцанне не ўключаць яго ў дальейшым у склад выбарчых камісій.

Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.