Аляксандр Класкоўскі: Дэкрэт №1 любові да ўладаў не дадасць



“Улады адступілі, пра гэта сведчыць Дэкрэт №1, які прыйшоў на змену дэкрэту аб дармаедах”, – кажа палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

Кіраўнік краіны падпісаў дэкрэт, у якім прадугледжаныя захады для спрыяння занятасці насельніцтва. Паводле аналітыка, перад электаральнымі кампаніямі ўлады яшчэ больш сапсавалі сабе рэпутацыю:

– Амбіцыі ўладаў згулялі з імі жарт, таму што новы дакумент, ён хоць і не такі выбухова-небяспечны, але наверсе вялікія начальнікі не адмовіліся ад гэтай вельмі сумнеўнай ідэі  –  хоць нешта з так званых дармаедаў садраць. Збор замянілі неабходнасцю плаціць па поўнай праграме за шэраг нейкіх субсідаваных дзяржавай паслуг.

Пералік паслуг улады абяцаюць яшчэ ўдакладніць да красавіка. У новым дэкрэце, як і ў папярэднім, паводле Аляксандра Класкоўскага, ад самага пачатку закладзены сацыяльны канфлікт:

– Летась людзі абурыліся тым, што яны і так без грошай, без працы, а з іх яшчэ хочуць нешта садраць. Усё адно чыноўнікі хочуць садраць – проста не тым, дык іншым метадам. Усё адно будзе абурэнне, можа не будзе масавых пратэстаў, але і любові да ўладаў гэта не дадасць. Таму напярэдадні новых электаральных кампаній гэта з гледзешча беларускага кіраўніцтва, мякка кажучы, недальнабачна.

З 1 студзеня 2019 году беспрацоўныя працаздольныя беларусы заплацяць поўную цану за датаваныя дзяржаваю паслугі. Аналітыкі заўважаюць, што гэты дэкрэт павінен менш раздражняць грамадства, як гэта было пасля дармаедскага дэкрэта, калі людзей практычна прымушалі плаціць за тое, што яны ня маюць дзе працаваць.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя