Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка зараз у нерашучасці
Не выключна, што Крэмль падціскае Лукашэнку з правядзеннем Канстытуцыйнае рэформы. Масква хоча мець у Беларусі больш гнуткую сістэму ўлады, каб зручней на яе ўплываць.
Палітолаг Аляксандр Класкоўскі спасылаецца на словы старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай наконт таго, што рэферэндум па зменах у Канстытуцыю рэальна арганізаваць за месяц. Народ можа не паспець зразумець, што адбываецца, мяркуе эксперт:
– Што ж тычыцца нейкіх варыянтаў транзіту ўлады, пераходу Лукашэнкі на іншую пасаду, я думаю, што ён цяпер вось у такіх вельмі супярэчлівых пачуццях наконт гэтых перспектыў. Магчыма Крэмль яго падштурхоўвае да нейкіх перамен у гэтым плане, і сам ён разумее, што выйграць чарговыя выбары ці не чарговыя выбары яму ўжо не ўдасца, бо няма і не будзе ўжо ранейшай папулярнасці. Разам з тым, адыходзіць ад улады не хочацца.
Акром таго, Лукашэнка мае трывогу з той нагоды, што змены ў адбудаванай амаль за 3 дзесяцігоддзі сістэме могуць прывесці да яе разбурэння:
– Сістэма несучасная, сістэма анахранічная. Гэта болей да нейкай сярэднявечнай падобна, чым да сістэмы 21-га стагоддзя. Таму Лукашэнка зараз у нерашучасці, ён яшчэ не вызначыўся.
Папярэдне вядома, што выніковы праект новай Канстытуцыі Беларусі можа быць прадстаўлены для публічнага абмеркавання не пазней за 7 лістапада. А рэферэндум па зменах у Канстытуцыю пройдзе не пазней за люты наступнага году.
Беларускае Радыё Рацыя
