Фіяска ідэалогіі



Фіяска ідэалогіі – гэта ўскосна прызнае Аляксандр Лукашэнка. Так у нашым эфіры палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі пракаментаваў навіну пра тое, што ў Адміністрацыі прэзідэнта скарачаецца пасада намесніка кіраўніка па ідэалогіі. Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, а таксама першага намесніка гэтай структуры. Імі сталі Наталля Качанава і Максім Рыжанкоў адпаведна. Ігар Бузоўскі вызвалены ад пасады намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па ідэалогіі «ў сувязі з пераходам на іншую працу». Гэтая пасада ліквідаваная. Абнаўленне – гучала найчасцей з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі:

– Сутнасць усяго, што я сказаў, і тое, што я сёння прадпрымаю, называецца адным словам – абнаўленне. Я не хачу сказаць, што абнаўленне – гэта досвед, амаладжэнне. Хай хоць у 80 год прыходзяць і працуюць. Я гатовы іх прыняць.

І хоць галоўнага ідэолага ў краіне цяпер не будзе, палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі перакананы, што большыя скарачэнні не закрануць ідэалагічныя структуры.

– Я ня думаю, што будуць ліквідоўваць усю гэтую ідэалагічную вертыкаль. Яе крыху падціснуць. Я згадваю апошнія гады СССР, калі са свістам зганялі з трыбун партыйных ідэолагаў. Ну, цяпер яшчэ свісту няма, але год-два такой эканамічнай дэградацыі, і ідэолагі ўжо будуць баяцца хадзіць у працоўныя калектывы ці выступаць з нейкіх трыбун.

Функцыі былога галоўнага ідэолага Аляксандр Лукашэнка прапануе падзяліць паміж новым першым намеснікам Адміністрацыі Максімам Рыжанковым, а таксама прэсавай сакратаркай Наталляй Эйсмант.

Наталля Качанава – першая жанчына пры Аляксандры Лукашэнку на такой высокай пасадзе. Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў нашым эфіры пракаментаваў прызначэнне былой віцэ-прэм’ера на пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Пры гэтым прызначэнне суправаджаецца размовамі пра неабходнасць канкрэтных рэформаў у краіне. Хаця, паводле Аляксандра Класкоўскага, – новапрызначаная чыноўніца для іх не гатовая.

– У плане нейкага крэатыву – у мяне ёсць вялікія сумневы. Дарэчы, ёсць яшчэ такі пікантны нюанс. Сам Аляксандр Лукашэнка нейкі час таму прызнаваўся, яшчэ тады, калі Качанава займала пасаду віцэ-прэм’ера, што яе настойліва рэкамендавалі сілавыя структуры. І гэта таксама наводзіць на думку, што, магчыма, ні свежыя ідэі, ні рэфармаванне, а наадварот – нейкае такое зацісканне гаек маецца на мэце, таму што крызіс у краіне. 

Віцэ-прэм’ер Беларусі Наталля Качанава – стала кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, а першы віцэ-прэзідэнт НАК Максім Рыжанкоў — намеснікам кіраўніка АП. Пра гэта паведамілі ў тэлеэфіры тэлеканала «Беларусь 1» днём 21 снежня.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелТА