Лукашэнка: „Баба з возу, каню лягчэй”



Аляксандр Лукашэнка павучае Уладзіміра Зяленскага ў прысутнасці Пуціна, а Кіеў на гэта адказвае вельмі рэзка. 22 красавіка Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным заклікаў Уладзіміра Зяленскага „навучыцца паводзіць сябе дыпламатычна”.

Ён таксама адзначыў, што імкненне Кіева змяніць пляцоўку ў Менску „кажа пра намер пахаваць Менскія пагадненні”:

– Зяленскаму ўжо пара навучыцца канкрэтна дыпламатычна сябе паводзіць, акрамя ўсяго іншага, датычыць Данбасу. Што датычыць трохбаковай кантактнай групы, якая працавала ў Беларусі. Калі сёння не падабаецца, то калі ласка, можна выбраць любую іншую краіну. Але трэба мець на ўвазе, што тут павінен быць кансэнсус тых, хто калісьці прапаноўваў. Увогуле ў нас кажуць так: „Баба з возу, каню лягчэй”. Нібыта прэзідэнт нават адмовіўся абмяркоўваць гэту праблему. Дурасць несусветная. Што тут абмяркоўваць?

Лукашэнка відавочна заклапочаны, што ставіцца пад сумневы роля Беларусі, як пасярэдніка ў канфлікце паміж Расеяй і Украінай. А такая роля вельмі патрэбная уладам, каб паказаць сябе на міжнароднай арэне, перад Расеяй і не толькі, кажа палітолаг Андрэй Казакевіч:

– Беларускія ўлады спрабуюць і напэўна яшчэ будуць спрабаваць выступіць пасярэднікам у гэтай сітуацыі. Каб зноў жа пераадолець знешнепалітычную ізаляцыю і асабліва выбудаваць стасункі з Украінай, але ўжо па сваім правілам. Краіны, якая мае нейкія важныя рычагі ўплыву на дадзеную сітуацыю, у прыватнасці на стасункі паміж Расеяй і Украінай у якасці пасярэдніка.

У Кіеве параілі Лукашэнку „развязаць пытанні з легітымнасцю”, перш чым вучыць Зяленскага. Гэтак адказалі ў офісе прэзідэнта Украіны на словы Лукашэнкі падчас сустрэчы ў Маскве.

Дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта Украіны ў антыкрызісных камунікацыях Міхайла Падаляк у адказ заявіў „РБК-Україна”, што „вельмі пацешна і дзіўна чуць падобныя словы ад чалавека, які кіруе сваёй краінай амаль тры дзясяткі гадоў, цягам якіх амаль нязменна лічыцца невыязным”.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]