Аляксандр Мілінкевіч: Нам трэба ісці ў Еўропу



Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч распавёў, чаму беларуска-еўрапейскія стасункі сталі прагматычнымі.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што зараз вядзецца прапрацоўка магчымых візітаў беларускага кіраўніка ў Еўропу, аднак афіцыйны Менск зыходзіць з таго, што такія візіты павінны дасканала рыхтавацца.

Аляксандр Мілінкевіч: Еўропа зараз заплюшчыла вочы на дзеянні беларускага рэжыму ў мінулым і на тыя рэпрэсіі, што ёсць зараз. Гэта вядомая дылема не толькі ў адносінах да Беларусі, але і да іншых краін, дзе таксама не хапае дэмакратыі. Але тут пытанне: што мы ставім на першае месца? Калі незалежнасць краіны, то такія візіты патрэбныя, бо ніхто не ўспрымае Беларусь як дэмакратычную дзяржаву. Ніхто не прызнае выбараў.

Калі нехта хоча выпраўляць унутраную сітуацыю з дапамогай Захаду, то далей ідуць санкцыі. А эканамічныя санкцыі толькі шкодзяць краіне і людзям, якія і так праблемна жывуць. І невядома, ці прывядуць тыя санкцыі да дэмакратыі, хаця ў маральным сэнсе яны, безумоўна, заўсёды важныя. Таму я лічу, што сёння нам патрэбны візіты беларускага кіраўніка ў Еўропу, туды трэба ісці. Але ў той жа час у нас на першым месцы павінна быць Беларусь, а лічыць, што Захад зробіць нам дэмакратыю, было б несправядліва. Мы самі павінны яе дамагацца.

РР: Нягледзячы на імкненне беларускіх уладаў паляпшаць стасункі з Захадам, у краіне з’яўляюцца апошнім часам такія гучныя крымінальныя справы, як справа “Белага Легіёна”, прафсаюзаў, журналістаў БелаПАН і Tut.by. Навошта гэта ўладам?

Аляксандр Мілінкевіч: Таму што беларускае кіраўніцтва не хоча дэмакратызавацца. Давайце будзем шчырымі – улада не збіраецца будаваць грамадзянскую супольнасць. Таму ў Беларусі такая ўлада, якая ёсць. Яна сама не ведае, што далей рабіць з-за эканамічнага крызісу і пагроз ад усходняга суседа.

Але тут трэба таксама казаць, што і ў беларускай уладзе – непаслядоўнасць, там розныя людзі працуюць. Адны сілы кажуць, што трэба быць бліжэй да заходніх стандартаў, а іншым неабходна, каб па поўнай праграме закручваліся гайкі. Але, як мне падаецца, самае важнае для беларусаў сёння не спадзявацца на кагосьці (на кіраўніка краіны альбо Захад), а будаваць грамадзянскую супольнасць і падвышаць актыўнасць на карысць краіны. Дарэчы, у Беларусі ёсць цудоўная моладзь, якая гэта з поспехам робіць. У гэтым самы галоўны шанец Беларусі на захаванне незалежнасці і існаванне ў Еўропе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя