Аляксандр Мілінкевіч: Самае галоўнае – быць моцнымі



9-га снежня прзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыняў у палацы Бельведэр дэлегацыю беларусаў, куды ўвайшлі, як палітыкі, так і грамадска-культурныя дзеячы. Пад навагодняй ялінкай гучалі важныя для Беларусі і Польшчы словы, калі абедзве краіны ізноў стаяць на парозе агульнай барацьбы супраць пагрозы з Усходу.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – экс-кандыдатам на пасаду прэзідэнта Беларусі 2006 года, грамадскім дзеячам Аляксандрам Мілінкевічам пра тое, якую дапамогу можна чакаць Беларусі ад Польшчы, Еўропы і беларускай дыяспары свету, ці магчымыя рэформы ў краіне да змена рэжыму Лукашэнкі? Што варта рабіць самім беларусам да моманту паўстання Новай Беларусі?

РР: Якое значэнне для беларусаў мела такая сустрэча ў Варшаве?

– Увогуле падтрымка польская яна заўсёды была самая моцная з усіх заходніх краінаў, такая вельмі шчырая. Палякі ўсё ж такі маюць гэтую традыцыю салідарнасці і заўсёды кажуць: „Нам дапамагалі і мы без дапамогі вонкавай цывілізаванага свету не перамаглі б, таму мы абавязаныя і вам дапамагаць”. Вельмі мне спадабалася канешне прамова спадара прэзідэнта, яна таксама была такая нефармальная, неафіцыйная, вельмі цёплая, людская.

РР: Наколькі сёння Польшча зацікаўлена ў тым, каб зрынуць рэжым Лукашэнкі?

– Усе кажуць, гэта абсалютна слушна, што будзе рэжым ці не будзе, залежыць ад саміх беларусаў. Дапамога надзвычай важная, але не яна вырашальная, усё залежыць ад таго, наколькі беларусы дадуць рады змагацца з гэтым жорсткім рэжымам рэпрэсіўным і агрэсіўным. Таму залежыць ад нас у першую чаргу. Канешне ў Беларусі сёння спаленае поле, тое што ўлада зрабіла з медыя і грамадскімі арганізацыямі, з партыямі, пасадкі тысяч людзей. Таму пра актыўную дзейнасць нялёгка гаварыць, але з іншага боку палякі таксама праходзілі праз ваенны стан, была скрытая праца ў падполлі. Яны далі рады, нават падрыхтавалі комплекс рэформаў, для таго, каб іх хутка зрабіць. Зрабілі яны іх паспяхова. Мне здаецца надзвычай важна, каб тыя беларусы, што апынуліся ў замежжы і беларусы ў Беларусі, знайшлі магчымасць супрацы. Можа быць так, што яны паасобку будуць бараніць сваё права на дэмакратычную і свабодную будучыню. Вось гэтага не хапае вельмі моцна. Гаварыць, што ў Беларусі няма каму працаваць, усе з’ехалі, таксама няслушна, большасць людзей там. Мяне не столькі турбуе праца за мяжой, бо тут вольны свет, колькі праца ў краіне. Як яе арганізаваць, як яе скаардынаваць з тымі беларусамі, што жывуць зараз не ў Беларусі, вось гэта ёсць вялікая праблема.

РР: Калі чакаць новы усплёск беларускай актыўнасці?

– Не думаю, што ёсць хтосьці з сур’ёзных людзей, які ведае калі, гэта невядома. Калі Савецкі Саюз абрынуўся, то нават у Польшчы шматмільённая „Салідарнасць” не спадзявалася на тое, што яна выйдзе з сацыялістычнага лагеру, таму гэта непрадказальныя рэчы. Я ведаю стопрацэнтна перамога будзе, але не ведаю калі і якой цаной. Проста трэба працаваць і рабіць кожны, што можа. Час не просты, але магчымасці перш за ўсё дзякуючы інтэрнэту значна большыя, чым у 2006 годзе. Тады мы агітавалі, распаўсюджвалі праўдзівую інфармацыю з дапамогай улётак, бюлетэньчыкаў і так далей. Вось зараз гэты інтэрнэт ён проста ўзварушыў усё, ён прыспяшае каласальна ход гісторыі. Я веру ў тое, што гэта адбудзецца таму, што нарадзілася новая грамадзянская супольнасць вялікая. Зноў жа ніхто не чакаў, але яна нарадзілася. Проста беларусы хочуць жыць не так, як ім прапануе ўлада. Улада з мінулага, а беларусы ўжо думаюць пра будучыню.

Перадачу „Госць Рацыі” з удзелам Аляксандр Мілінкевіча, слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя