Аляксандр Мілінкевіч: Трэба спадзявацца толькі на сябе



Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч распавёў пра тое, ці ёсць прарыў у беларуска-еўрапейскіх стасунках.

Аляксандр Мілінкевіч: Прарыў, безумоўна, ёсць, бо краіна выходзіць з еўрапейскай ізаляцыі. І гэта вельмі важна для таго, каб захаваць шанцы на трансфармацыю. Улада праводзіць рэформы нярэдка безпаспяхова і няўдала, баіцца радыкальных пераменаў. Але ёсць і сярод дзяржаўных чыноўнікаў сілы, якія разумеюць, што трэба рабіць і як трэба рабіць. Відавочна, што ўлада неаднародная. Так што ў еўрапейскім накірунку поспехі маюцца, але ёсць і іншая праблема – Еўропа зараз значна больш увагі надае Усходу. І гэта будзе працягвацца, таму што Захад заняты сваімі праблемамі. А нам, беларусам, трэба прызвычаіцца, што лёгка не будзе. Галоўнае для Беларусі – захаваць незалежнасць.

РР: Некаторыя лідары беларускай апазіцыі скардзяцца на тое, што Захад, маўляў, здрадзіў дэмакратычным каштоўнасцям і заплюшчвае вочы на тыя рэпрэсіі, што застаюцца ў Беларусі. Ці згодны вы з такімі меркаваннямі?

Аляксандр Мілінкевіч: Давайце скажам шчыра, што дэмакратыя і свабода ў Беларусі – гэта найперш справа саміх беларусаў, трэба спадзявацца толькі на сябе. Не трэба чакаць, што прыйдзе нейкі добры дзядзька і дасць нам дэмакратычнае шчасце і дабрабыт. Па-другое, Еўропа нікому не здраджвала. Калі самае галоўнае для постсавецкіх краін было дэмакратызацыя і рэформы, то Захад рабіў стаўку на гэта. Зараз, калі адбыўся захоп Крыма, калі ёсць вайна ва Украіне, праблемы ў Грузіі, то Еўропа перш за ўсё ставіць на бяспеку ў рэгіёне. І, каб захаваць яе, патрэбен кантакт з уладамі. Без гэтага Расея будзе мець больш шанцаў паглынуць Беларусь. У такой сітуацыі ніхто не забывае пра правы чалавека, але яны і насамрэч адыходзяць на другі план.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя