Аляксандр Мілінкевіч: Важна, каб з палякамі захавалася супраца ў галіне мас-медыяў



Палітык Аляксандр Мілінкевіч распавядае пра тое, чаму ў Менск усё больш прыязджаюць высокія польскія госці і пра перспектывы беларуска-польскіх стасункаў.

Аляксандр Мілінкевіч: Тое, што апошнім часам Беларусь усё часцей наведваюць з афіцыйнымі візітамі высокія польскія чыноўнікі – гэта вельмі станоўчы факт. І гэта вельмі важныя візіты для ўмацавання незалежнасці нашай краіны, таму што эканамічная супраца і інвестыцыі будуць спрыяць большай самастойнасці беларускай эканомікі. Вядома, што пагрозы наконт такой самастойнасці ёсць. Акрамя таго, ёсць праблемы, якія трэба вырашаць – гэта замежнае супрацоўніцтва, застарэлы канфлікт Саюза палякаў у Беларусі… Вельмі важна, каб захавалася супраца з палякамі і ў галіне незалежнай інфармацыі, падтрымкі грамадзянскай супольнасці.

РР: Захад ужо гатовы прызнаваць беларускі рэжым?

Аляксандр Мілінкевіч: Зараз такі этап. Многія ўмовы дыктуе час і геапалітыка. І крокі насустрач адзін аднаму – гэта нармальна. Гэта дэманстрацыя таго, што бакі зацікаўлены ў супрацоўніцтве. А як можа быць інакш, калі ўсім відавочна, што сёння ёсць агрэсіўная Расея? Ёсць вайна, якая вядзе Расея на Усходзе Украіны, мы бачылі захоп Крыма… Зразумела, што Еўропу гэта ўсё вельмі непакоіць, і Беларусь, якая знаходзіцца на мяжы Захаду і Усходу, мае ў гэтай сітуацыі важнае значэнне, як краіна, якая павінна заставацца незалежнай.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя