Аляксандр Салантай: Прэзідэнт адчуваў, што не можа супыніць наступ расейскіх войскаў



Законы аб асаблівым статусе Данбаса прынятыя Вярхоўнай Радай Украіны напярэдадні ўкраінскія і замежныя СМІ называюць капітуляцыяй Украіны. Законапраекты былі прадстаўленыя на закрытым паседжанні ўкраінскага парламента і галасаванне па іх адбывалася патаемна.

Як паведамляюць украінскія СМІ, Пятро Парашэнка, прадстаўляючы законапраекты адзначыў, што гэта вымушаная мера, выкліканая знішчэннем расейскімі войскамі з канца жніўня амаль 60 адсоткаў украінскай вайсковай тэхнікі.

1392211451_solontay

Гэта цалкам адпавядае афіцыйнай версіі: чаму былі прынятыя гэтыя законы, – кажа ўкраінскі палітолаг Аляксандр Салантай:

Вельмі вялікія страты, вельмі шмат палонных, вельмі шмат тэхнікі знішчана. У сувязі з гэтым прэзідэнт адчуваў, што не можа супыніць наступ расейскіх войскаў і страціць Марыўпаль і тэрыторыі, якія былі вызваленыя. А калі неафіцына, то мы не ведаем, ці задзейнічаныя тут бізнес-інтарэсы Парашэнкі, ці не, бо на тэрыторыі Крыму былі прадпрыемствы, якія належалі прэзідэнту. І які лёс будзе гэтых прадпрыемстваў, мы пабачым у бліжэйшы час.

Закон аб асаблівым статусе некаторых раёнаў Данбасу прадугледжваюць наданне асаблівых паўнамоцтваў раёнам, якія знаходзяцца пад кантролем прарасейскіх баевікоў.

Там маюць адбыцца выбары ў мясцовае самакіраванне, і пасля органы мясцовай улады будуць ажыццяўляць кантроль над гэтымі тэрыторыямі, змогуць ствараць аддзелы уласнай міліцыі, пры гэтым фінансаванне аднаўлення рэгіёну будзе адбывацца за кошт Кіева.

* * *

Вярхоўнай Радзе Украіны прапануюць скасаваць законы аб асаблівым статусе некаторых раёнаў Данбасу і амністыі для прарасейскіх баевікоў. З такой ініцыятывай выступіў шэраг дэпутатаў. Аўтары ініцыятывы лічаць, што законы былі прынятыя з парушэннем рэгламенту. Эксперт у галіне мясцовага самакіравання Аляксандр Салантай адзначае, што законапраекты прымаліся без грамадскага абмерквання.

– Праект быў вынесен раніцай у Вярхоўную Раду, а ўжо ў 12 гадзін стаў законам. Ніхто не бачыў тэкста, не было магчымасці падаць свае прапановы. Практычна людзей, жыхароў Дамбаса, экспертаў, СМІ, мяне, як спецыяліста па мясцоваму самакіраванню, поўнасцю выкраслілі з працэсу прыняцца рашэння. Таму грамадскасць адразу паўстала супраць гэтага тэксту. Я ўжо з калегамі пачаў падрыхтоўку новага тэксту.

За законапраекты аб асаблівым статусе некаторых раёнаў Данбасу і амністыі прагаласавалі дэпутаты партыі „Удар”, частка „Бацькаўшчыны”, Партыя Рэгіёнаў і камуністы. Законапраекты пакуль не падпісаныя прэзідэнтам Пятром Парашэнкам.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя