Аляксандр Ярашук: Гэта ўжо праблема міжнароднага маштаба
Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук пракаментаваў наступствы паветранай блакады для Беларусі.
Як вядома, саміт Еўразвяза прыняў рашэнне забараніць беларускім авіякампаніям палёты ў Еўразвяз.
Аляксандр Ярашук: Як бачым, сітуацыя выйшла за межы краіны і зараз беларуская праблема – гэта ўжо праблема міжнароднага маштаба. І міжнародная супольнасць мае права прыняць любыя рашэнні.
Захад зараз спасылаецца на тое, што з’явілася пагроза для бяспекі грамадзян Еўропы, а таму і прынялі рашэнне аб паветранай блакадзе.
РР: Гэта пэўным чынам зрыкашэціць і па беларусах, якія не змогуць лётаць у іншыя краіны…
Аляксандр Ярашук: Сітуацыя такая, якая ёсць, а таму ад беларусаў тут мала што залежыць. У такіх умовах думаць пра вандроўкі неяк недарэчна, бо праблема, як ужо казаў, перарасла ўнутраныя межы.
Што далей? На мой погляд, не можа краіна знаходзіцца ўвесь час у стане пастаяннага гвалту і рэпрэсій, новых рашэнняў уладаў, якія прыводзяць да чарговай канфрантацыі з Захадам ці абвастрэння ўнутранага супрацьстаяння. Праўда, ніхто дакладна не можа спрагназаваць, колькі краіна будзе знаходзіцца ў такім стане, і як далей будуць разгортвацца падзеі. Але змены абавязкова будуць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
