Аляксандр Ярашук: Яны любяць піярыцца за нашы грошы



Кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў пра тое, ці можна купіць “народную любоў”.

За дзень да выбараў у сталіцы і некаторых іншых гарадах Беларусі ўлады планавалі арганізоўваюць канцэрты, у тым ліку з удзелам вядомых замежных выканаўцаў. Анансавалася, напрыклад, што ў Менску на пляцоўцы каля Палаца спорту выступяць амерыканскія рэперы Tyga і Saint Jhn, расейскія гурты «Кар-мэн», «Отпетые мошенники», а таксама іншыя артысты.

Была інфармацыя, што ганарар за выступленні артыстаў можа даходзіць да некалькіх мільёнаў даляраў, але ўсё закончылася тым, што артысты адмовіліся па сутнасці агітаваць за Лукашэнку.

Аляксандр Ярашук: Улады любяць такія мерапрыемствы, гэта піяр за нашы з вамі грошы. Бо адкуль яшчэ ў іх фінансы? Эканоміка ж у мінусе. Ці можа галоўны кандыдат са свайго заробка адкладваў грошы, каб заказаць артыстаў?

Таму ўсе гэтыя фэсты, аматарскія турніры, Баскавы і Кіркоравы аплочваюцца з кішэні людзей. І нават, калі нехта з бізнесменаў вырашыў праспансаваць мерапрыемства, то ўпэўнены, што гэтым фінансам у нашай краіне можна было б знайсці куды больш годнае прымяненне.

Але ў нашай краіне нічога не змяняецца, а таму беларускі народ павінен разумець, што ніхто за яго лёс не зменіць акрамя яго самога.

РР: Моладзь папрасіла, каб артысты не ехалі ў Менск выступаць у падтрымку кіраўніка Беларусі, і тыя прыслухаліся…

Александр Ярашук: Моладзь у нас яшчэ не сапсаваная, як некаторыя сталыя людзі, якія ніяк не могуць забыць Савецкі Саюз. І менавіта моладзь больш за ўсё абурае тая сітуацыя, якая ёсць у Беларусі. Улады яе баяцца, а таму нават афіцыйна дазволеныя агітацыйныя мітынгі забараняюць.

Але хачу адзначыць, што гэтыя забароны нічога не даюць у прынцыпе. Гэта, магчыма, саб’е народную хвалю незадавальнення, але не зменіць стаўленне людзей да ўлады ўвогуле.

І дадам, што такіх закрытых выбараў, мабыць, ніколі не было ў гісторыі незалежнай Беларусі. Непамерны страх згубіць уладу прымушае іх пераўтварыць выбары ў цалкам закрытае мерапрыемства.

І, каб хоць крышачку спадабацца ў вачах моладзі, у краіну і запрашаюць розных артыстаў. Але ж бачым, што з гэтага атрымалася. Не толькі селі ў лужыну, але і зверху брудам сябе палілі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя