Аляксей Янукевіч: Навадворская ў Расеі магла быць толькі дысыдэнтам



У Маскве тысячы люзей развіталіся з палітыкам, праваабаронцай, публіцыстам сябрам Беларусі, Валерыяй Навадворскай. Яе добра ведалі і ў Беларусі. І яна добра ведала Беларусь, дзе нарадзілася і пражыла некалькі, паводле яе, самых шчаслівых гадоў. Па словах старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, яна памятала пра свае беларускія карані. І ўсёй сваёй дзейнасцю падтрымліва дэмакратычны рух Беларусі:

– Яна ў Расеі гаварыла пра тое, што Беларусь – гэта не Расея, і што Расея можа мець з Беларуссю сапраўдныя добрасуседскія адносіны толькі тады, калі прызнае гэта і зможа гэта прыняць. На жаль, голас Навадворскай у Расеі заўсёды быў голасам дысыдэнта. На жаль, у Расеі, і 20 гадоў таму, і цяпер, грамадства хворае на імперскасць, і чалавек, які гаворыць такія рэчы, не можа быць у палітыцы, ён можа быць толькі дысыдэнтам.

„Тым ня менш, Валерыя Навадворская не ішла на кампрамісы і не баялася гаварыць расейскаму грамадству ды ўладзе балючую праўду, якая цяпер вельмі важная, у тым ліку для Беларусі ды Украіны. І гэта давала шанец расейскаму грамадству зразумець і прыняць незалежнасць і самастойнасць Беларусі, Украіны, іншых постсавецкіх краін”, – кажа Аляксей Янукевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя