Аляксей Янукевіч: перамовы – гэта плюс для ўсёй нашай краіны
“Наўрад ці сённяшняе кіраўніцтва Расеі гатовае да перамоваў з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам”, – лічыць старшыня Партыі БНФ – Аляксей Янукевіч. Масква таксама не гатовая да крокаў, якія бы стабілізавалі сітуацыю ва Украіне.
Наадварот, складаецца ўражанне, што Уладзімір Пуцін у гэтым не зацікаўлены і будзе пазбягаць перамоваў, асабліва з удзелам прадстаўнікоў Еўразвязу ці Злучаных Штатаў Амерыкі, — прагназуе Аляксей Янукевіч.
– Тое, што такія перамовы плануюцца і месцам правядзення называецца Менск, я лічу, што гэта плюс для Аляксандра Лукашэнкі, але гэта значна большы плюс для ўсё нашай краіны, бо перамовы заўсёды праводзяцца на нейтральнай тэрыторыі.
Калі кіраўніцтва Расеі і ЕЗ пагаджаюцца на такі фармат перамоваў ў Беларусі, то гэта надае больш вагі суверэнітэту і незалежнасці краіны.
„Для нас вельмі важна, каб Захад не лічыў Беларусь цалкам залежнай ад Масвы. Тады і стратэгія яго адносін да нашай краіны будзе адрознівацца ад стратэгіі ў дачыненні да Расеі. І такія важныя перамовы, нават сам факт спробы іх правядзення, ўжо садзейнічаюць павелічэнню ўвагі Захаду да Беларусі”, – лічыць Аляксей Янукевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя